Ігар Лялькоў: Заклікі сарваць Дзень Волі – пачатак расейскай інфармацыйнай вайны


Намеснік старшыні партыі БНФ распавядае пра адметнасць сёлетняга святкавання Дня Волі і пра дадатковыя захады супраць магчымых правакатараў.

Заклікі ў сацсетках прыхільнікаў «рускага свету» сарваць Дзень Волі Ігар Лялькоў лічыць пачаткам інфармацыйнай вайны з боку Расеі.

«Увесь лямант на расейскіх сайтах, што нібыта ў Беларусі падымае галаву нацыяналізм, улада ледзьве не братаецца з беларускімі бандэраўцамі – частка інфармацыйнай вайны. На працягу года гэты трэнд будзе толькі павялічвацца, і піку, хіба, дасягне падчас прэзідэнцкай кампаніі. Так што гэта толькі пачатак, і яшчэ такі дастаткова слабенькі», – кажа намеснік старшыні партыі БНФ.

Ігар Лялькоў мяркуе, што дадатковыя захады супраць правакатараў мусіць прымаць міліцыя, якая, «не вітае» стварэнне ахоўных дружынаў апазіцыяй.

«Але мы будзем пільнымі, і, сапраўды, захады супраць магчымых правакацыяў будуць узмоцненыя», – кажа палітык.

Менгарвыканкам дазволіў правядзенне акцыі з нагоды Дня Воля а 15-й гадзіне ў працоўны дзень 25 сакавіка. А гэтай гадзіне пачнецца збор удзельнікаў ля кінатэатра «Кастрычнік», адкуль яны шэсцем пройдуць да парку Дружбы народаў. Там з 17:00 дазволены мітынг.

Стужка навінаў