Ігар Бокі – самы тытулаваны спартовец Паралімпіяды


Сёння беларускі плывец заваяваў чарговае золата.

Беларускі плывец Ігар Бокі заваяваў шосты залаты медаль на Паралімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра, перамогшы ў фінале заплыву на 100 метраў на спіне ў катэгорыі S13 (для слабавідушчых спартсменаў). Беларус пераадолеў дыстанцыю з сусветным рэкордам – 56,68 секунды. Другое месца – ува ўкраінца Яраслава Дзенісенкі (59,02), трэцяе – у канадца Нікласа Турбайда (59,55).

Разам з ранейшым бронзавым медалём агульная колькасць узнагародаў беларуса ў Рыа вырасла да сямі. Цяпер Бокі – самы тытулаваны спартовец сёлетніх Гульняў. Другі ў агульнай табліцы – украінскі плывец Максім Крыпак (5-3-0), трэці – кітайскі плывец Хуан Вен Панг (5-1-0).

Сёння спартоўца павіншаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Два рэкорды свету, шэсць рэкордаў Паралімпійскіх гульняў, шэсць залатых і бронзавы медаль – выбітны вынік, якім усё мы захапляемся і ганарымся», – гаворыцца ў паведамленні кіраўніка Беларусі.

На сёлетніх Гульнях Бокі перасягнуў свой медальны вынік Лондана-2012. Чатыры гады таму беларус заваяваў пяць залатых медалёў і адзін сярэбраны. Такім чынам, цяпер на рахунку Бокага ўжо 13 медалёў Паралімпійскіх гульняў.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары