Ідэя Заходнерусізму жыве?


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/h9VEVBhp3HI”][/vc_column][/vc_row]Здавалася б забыты канцэпт Заходнерусізму, які адмаўляе беларускую ідэнтычнасць, зноўку стаіць на парадку дня. Геапалітычны выбар Беларусі, актуальныя выклікі і пагрозы адмыслоўцы абмяркоўвалі на канферэнцыі, арганізаванай у Менску Інстытутам беларускай гісторыі і культуры.

«Заходнерусім гэта даволі нешматлікая купка людзей, але частка з іх інкарпараваная ва ўладу, яны маюць доступ да расейскага фінансавання, яны нешта з сябе ўяўляюць, як толькі адзін з гэтых слупоў – грошы, або доступ да беларускай улады будзе зліквідаваны – яны папросту знікнуць», – сцвярджае Андрэй Паротнікаў з «BELARUS SECURITY BLOG».

Парадаксальна, але прыхільнікаў ідэі заходнерусізму можна сустрэць і сярод былых выкладчыкаў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, напрыклад, такімі поглядамі вядомы палітолаг Юрый Баранчык. Чым пагражаюць ідэі заходнерусізму сучаснай Беларусі тлумачыць палітолаг Сяргей Нікалюк: «Беларусь знаходзіцца ва ўмовах – альбо яна стане часткаю захаду, або знікне наагул. На жаль, улады вядуць па другому шляху, але нейкі крызіс можа даць і шанец на перамены».

Анексія Крыму і вайна на ўсходзе Украіны абвастрылі пытанні геапалітычнага выбару Беларусі. Нягледзячы на тое, што сёлетняя выбарчая кампанія кіраўніка дзяржавы ідзе пад лозунгамі «За незалежную Беларусь», на практыцы, менавіта палітыка Аляксандра Лукашэнкі прывяла да таго, што нават на прахадных заводаў вывешваюцца расейскія сцягі.

«Колькасць прыхільнікаў заходняга выбару і ўсходняга выбару за 20 гадоў у нас не змянілася. З некаторай перавагай прыхільнікаў усходняга выбару, чаму так адбываецца? Перадусім таму што ў гэтым зацікаўленая ўлада», – падкрэслівае Нікалюк.

Паводле ўдзельнікаў канферэнцыі выйсце з пагрозаў ідэяў заходнерусізму і захавання беларускасці, палягаюць як у пашырэнні беларускай культуры, так і ўзмацненні эканамічнай незалежнасці нашай краіны.

АН, «Белсат»

Стужка навінаў