«І я разумела, што я – «деревенщина». Беларуская мова і дзіцячая траўма


«Дзіцячая моўная траўма ў маёй свядомасці засталася, думаю, як шмат у каго з майго пакалення. І ў гэтым я застаюся «саўком», пра якога кажа Алексіевіч», – падзялілася сваім шляхам да беларускай мовы праваабаронца Таццяна Равяка.

Да школы я выхоўвалася ў бабулі на вёсцы. Ясна, што размаўляла толькі па-беларуску. На мову пераходзілі і бацькі, якія прыязджалі на выходныя.

У школу я пайшла ў Салігорску. Там я з жахам зразумела, што «размаўляць я не ўмею». Не тое, што зусім, але на той мове, якая гучыць вакол і на якой нас вучаць. І я разумела, што я – «деревенщина». Частка маіх аднакласнікаў былі дзецьмі спецыялістаў, якія прыехалі з розных гарадоў Беларусі і кутоў СССР, і пытання мовы для іх не стаяла. Частка былі такімі ж, як я, – дзецьмі «гарадскіх» выхадцаў з найбліжэйшых вёсак.

Ім, як і мне, вельмі хутка ўдалося пазбавіцца ад беларускай мовы і маўлення. Але траўма моўнай непаўнавартаснасці засталася надоўга, а памяць пра яе суправаджае мяне ўсё жыццё.

Здавалася б, чытай кнігі, усведамляй багацце роднай мовы, адчувай сябе часткай багатай культуры і гэтак далей. Але дзе там: літаратары былі нібыта на іншай планеце, на нейкім віртуальным літаратурным Месяцы, і ўвогуле здавалася, што яны не маюць ніякага перасячэння з рэальным жыццём.

У школе была ў нас настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая размаўляла толькі па-беларуску, прозвішча не ўзгадаю, называлі яе Марылькай, і ўспрымалася яна такой «гарадской варʼяткай» – на ўроках з яе адкрыта насміхаліся, яна плакала і казала пра хараство матчынай мовы.

Я яе шкадавала і словы яе разумела, але не хацела б аказацца ў яе сітуацыі. Гэта быў не прыклад, а хутчэй, антыпрыклад.

Толькі паступіўшы на філфак і пабачыўшы, што беларуская – не толькі кніжная мова ці прыкмета вясковасці, але і проста мова стасункаў, вера ў яе пачала ажываць ува мне, яна стала вяртацца ў маё жыццё.

Але дзіцячая моўная траўма ў маёй свядомасці засталася, думаю, як шмат у каго з майго пакалення.

І ў гэтым я застаюся «саўком», пра якога кажа Алексіевіч. Гэта мой вопыт, бо ў некага, хто піша, што гаворыць па-беларуску «з дзяцінства», гадаваўся ў «беларускім асяродку» і гэтак далей – па-іншаму.

Але гэта іх вопыт.

Глядзіце яшчэ >>> Нобэлеўская лекцыя Святланы Алексіевіч: Час надзеі змяніў час страху. Час павярнуў назад

Святлана Алексіевіч прамаўляла па-расейску, а гамельчукі павіншавалі пісьменніцу па-беларуску

Наколькі беларуская Святлана Алексіевіч?

Таццяна Равяка, facebook.com

Стужка навінаў