«І ў турме варта абыходзіцца з людзьмі па-чалавечы»,- жонка асуджанага ў Беларусі брытанца Алана Сміта


Грамадзянін Вялікай Брытаніі Алан Пол Сміт адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №3 пад Віцебскам за арганізацыю незаконнай міграцыі. Яго асудзілі на два гады пазбаўлення волі, 10 месяцаў ён чакаў суда за кратамі Віцебскага СІЗА і цяпер мог бы выйсці, калі б прызнаў сваю віну. Аднак 40-гадовы мужчына віны не прызнае і ад магчымасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення адмаўляецца. Belsat.eu разбіраўся, якія «падводныя камяні» ёсць у гэтай гісторыі.

Алан – іракец па паходжанні, але мае грамадзянства Вялікай Брытаніі. Разам з жонкай Магдаленай (нарадзінкай Польшчы) яны заснавалі «Курдска-Еўрапейскі Бізнес Цэнтр». Паводле слоў Магдалены, кампанія на легальнай аснове дапамагала бізнесоўцам з Блізкага Усходу афармляць дакументы, каб жыць і працаваць у еўрапейскіх краінах. Акрамя таго, яны арганізоўвалі лячэнне ў еўрапейскіх шпіталях для выхадцаў з Іраку.

«У верасні 2016 мы з Аланам прыехалі ў Беларусь па запыце нашага партнёра-бізнесоўца, а таксама, каб дапамагчы яшчэ адной кліентцы, якая шукала для сябе клініку. Але да нашага прыезду яна паспела звязацца з людзьмі, замяшанымі ў арганізацыі нелегальных паездак праз мяжу. Ні я, ні Алан пра гэта не ведалі», – сцвярджае жонка асуджанага.

Тады ж Алан набыў для групы іракцаў квіткі на цягнік Берасце-Цярэспаль. Беларускія памежнікі іракцаў выпусцілі, але польскі бок не дазволіў ім уезд у краіну і тыя вярнуліся ў Беларусь.

«Хіба набыць квіток для кагосьці – гэта злачынства? Усе гэтыя іракцы мелі турыстычныя візы, а значыць, на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся законна. Якім чынам следчыя з гэтага зрабілі выснову, што Алан спрыяў незаконнай міграцыі – незразумела».

26 верасня 2016 года Алана затрымліваюць у Берасці па падазрэнні ў арганізацыі канала нелегальнай міграцыі і этапуюць у Віцебск, у СІЗА №2.

«У камеры не было ракавіны і туалету, у яго адабралі матрац і пасцельную бялізну, а калі Алан паскардзіўся на кепскае самаадчуванне, фельчар прынёс яму пратэрмінаваныя лекі і пасля яму зрабілася блага. Я разумею, гэта турма, але ў 21 стагоддзі і ў турме варта абыходзіцца з людзьмі па-чалавечы»- кажа Магдалена.

Алан з жонкай Магдаленай

Яна дадае, што лісты да мужа даходзяць вельмі рэдка – некаторыя са спазненнем аж на 50 дзён. Акрамя таго, яна скардзіцца на шматлікія парушэнні з боку следства. Напрыклад, адсутнасць кваліфікаванага перакладчыка падчас усіх следчых дзеянняў.

«У якасці сведкаў на працэсе выступілі менавіта тыя іракцы, якім мы дапамаглі… Галоўная сведка прасіла перакладчыка з курдскага, але ёй далі толькі з арабскага. А раней дакументы на подпіс Алану ўвогуле далі на расейскай мове, якую ён не разумее».

У ліпеня Глыбоцкі суд прызнаў Сміта вінаватым паводле ч.1 арт. 371-1 і пакараў 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму, хаця пракурор патрабаваў для яго ўсе 6 гадоў. Разам з адвакаткай асуджаны адразу ж склаў апеляцыю. Але праз чатыры месяцы, 14 лістапада 2017, Віцебскі абласны суд пакінуў папярэдні прысуд без зменаў.

Магдалена стварыла ў сацсетках адмысловую суполку «Support for Alan», падтрымлівае кантакт з беларускімі праваабаронцамі і ўпэўнена – ейны муж ні ў чым не вінаваты.

Акрамя Сміта, па той жа справе праходзілі грамадзяне Беларусі Вольга Грахоўская і Арсен Рачкоўскі, Андрэй Грахоўскі знаходзіцца ў вышуку. Рачкоўскі і Грахоўская былі пакараныя ў адпаведнасці з тым самым артыкулам Крымінальнага кодэксу, што і Сміт, але паводле другой яго часткі, бо яны «здзяйснялі злачынства ў складзе групы асобаў па папярэдняй змове». Грахоўская, якую пакаралі 3 гадамі і 1 месяцам зняволення, абскарджваць прысуд не стала.

Праваабаронца Павел Левінаў: Яго віна толькі ў тым, што ён уехаў у Беларусь

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў паведаміў belsat.eu некаторыя дадатковыя акалічнасці справы Алана Сміта.

«Сапраўды, Алан дапамагаў іракцам, не толькі набываючы квіткі – ён таксама афармляў ім праз аддзел па грамадзянстве і міграцыі дакументы, каб працягнуць знаходжанне ў Беларусі, калі іхныя турвізы скончыліся. Рабілася ўсё абсалютна законна, ніякай падробкі папераў не было», – распавядае Левінаў.

Праваабаронцу цяжка сказаць дакладна, чаму ўсё склалася такім чынам для Алана. Павел Левінаў дапускае, што паказанні супраць яго маглі даць людзі, якім ён дапамагаў, а таксама двое беларусаў, што праходзяць па той жа крымінальнай справе.

«Мае лісты Алану не прапускаюць у калоніі, яго лісты – таксама. Паводле слоў адной з крыніц у папраўчай установе, гэта адбываецца таму, што «Алан кепска піша пра Беларусь».

Тым часам праваабаронцам пры дапамозе дыпламатычнага прадстаўніцтва Вялікай Брытаніі ў Беларусі ўдалося дамагчыся, каб асуджанаму дазволілі перадачу з ежай і цёплымі рэчамі. Звычайна права дасылаць перадачы маюць толькі блізкія сваякі, Алан жа іх у краіне не мае.

«Мне падаецца, што ўся яго віна ў тым, што ён уехаў у Беларусь… У іншай краіне такой сітауцыі б не склалася», – мяркуе Павел Левінаў.

***

Раней на мяжы з Беларуссю затрымалі яшчэ аднаго замежніка – француза Жалана Віё. Яму інкрымінавалі захоўванне аднаго патрона. Аднак 20 лістапада 2017 года Гомельскі абласны суд апраўдаў Віё. Па выхадзе з СІЗА ён заклікаў падтрымаць сваіх былых сукамернікаў, сярод якіх у пэўны момант апынуўся і Алан Пол Сміт.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў