«І міліцыі патрэбны незалежны прафсаюз». У Бабруйску прайшоў пікет за годную працу


Гарадскія ўлады дазволілі бабруйчанам правесці пікет у Міжнародны дзень барацьбы за годную працу, 7 кастрычніка. На ўскрайку гораду, на ўзбочыне дарогі, па якой акурат у час акцыі ішла калона вайсковай тэхнікі.

У пікеце прынялі ўдзел незалежныя прафсаюзы Бабруйску – Свабодны прафсаюз беларускі, Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), Беларускі незалежны прафсаюз. Прыехалі таксама прадстаўнікі Незалежнага прафсаюзу гарнякоў з Салігорску. Агулам сабралася каля 50 чалавек.



Пікет праходзіў амаль на ўскрайку гораду, у малалюдным месцы каля ажыўленай дарогі. Гэта адзінае месца, вызначанае ўладамі для правядзення акцый дэмакратычных арганізацыяў. Акурат у час пачатку пікета, па вуліцы пачала рух калона вайсковай тэхнікі. Да шуму, што стваралі машыны, дадаваліся гучныя патрабаванні міліцыі да кіроўцаў ачысціць дарогу.

«Гэтым пікетам мы хочам звярнуць увагу людзей на наш сённяшні стан неабароненасці і прыгнечанасці звычайнага працоўнага чалавека, – распавяла пра мэты пікета Галіна Смірнова, каардынатарка прафсаюзу РЭП у Бабруйску. – Сёння ўсе правы ў наймальніка, а просты працаўнік пад гнётам кантрактнай сістэмы і нізкіх заробкаў. Мы хочам сказаць людзям, што і ў іх ёсць правы, галоўнае – ведаць, як за іх змагацца. Для гэтага мы запрашаем усіх у свабодныя прафсаюзы».

Алег Жалноў, бабруйскі блогер і былы кандыдат у дэпутаты, запрашаў далучацца да незалежных прафсаюзаў міліцыянтаў, што ахоўвалі пікет.

«І міліцыянтам патрэбны незалежны прафсаюз, бо і ім трэба, каб нехта абараняў іхныя правы, і той факт, што сёння нашай міліцыі забараняюць аб’ядноўвацца ў прафсаюзы, вельмі красамоўна паказвае ўвесь стан яе залежнасці ад уладаў», – казаў спадар Жалноў.

Гарнякі з Салігорску далучыліся да бабруйскага пікету, бо свой пікет правесці ім не дазволілі, хоць яны падавалі заяўку, распавяла Ірына Зыль, намесніца старшыні Незалежнага прафсаюзу гарнякоў.



Міхаіл Кавалькоў, старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага, прыйшоў на пікет, каб заявіць, што беларусы маюць права на годныя і бяспечныя ўмовы працы, а таксама на заробак, за які можна не толькі выжываць на танных прадуктах да наступнай зарплаты, але будаваць сабе жытло, вандраваць і адпачываць. Але на эфектыўнасць пікету спадар Кавалькоў глядзіць з песімізмам.

«Тут сёння толькі прафсаюзныя актывісты, простых працаўнікоў няма. Бо яны запужаныя і ўшчэнт прыгнечаныя кантрактам і беднасцю. Працаўнік любога бабруйскага заводу ведае, што калі ён прыйдзе сюды сёння, заўтра яго звольняць. Каб нешта змяніць, трэба аб’ядноўвацца. Але людзі баяцца», – зазначыў прафсаюзны лідар.

Данута Бароўская belsat.eu 

Стужка навінаў