Хутка ў Беларусі вырасце колькасць бяздомнікаў

video

Чатырохмільённая запазычанасць і ўдвая большая пеня. Гэтак выглядала травеньская жыроўка мянчанкі Наталлі Бут-Гусаім. Кватэра арэндная, і таму штомесяц, апрача «камуналкі», за арэнду трэба заплаціць амаль паўмільёна.

НАТАЛЛЯ БУТ-ГУСАІМ:
«Само жытло цяпер вельмі дорага выходзіць. У месяц з ацяпленнем выходзіць мільён з капейкамі зімою. Працую я ў ЖЭСе дворнікам».

Нават двухмесячная запазычанасць за «камуналку» ці арэнду можа стаць падставаю для высялення даўжніка без прадастаўлення іншай жылплошчы. У Менску на разглядзе цяпер пяць справаў аб высяленні з арэнднага жытла. Агулам жа са спыненнем 1 ліпеня прыватызацыі жытла ў сталіцы лік арэндных папоўнілі прыкладна 13 тысяч памяшканняў.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПЦ «ПРАВАВАЯ ДАПАМОГА НАСЕЛЬНІЦТВУ»:
«Як мы вывучылі практыку, гэта закранула самотных людзей сталага веку, гэта закранула розныя катэгорыі інвалідаў, гэта закранула беспрацоўных».

Хтосьці разлічваў, што зможа жыць у атрыманай ад дзяржавы кватэры да самай смерці, хтосьці не змог знайсці грошы, камусьці перашкодзілі іншыя абставіны.

Гэтак яшчэ адна мянчанка Наталля Каралько, не змагла прыватызаваць кватэру, бо другі яе саўладальнік, брат-алкаголік не пагаджаецца. Апрача таго, ён сам займае кватэру і шмат гадоў ужо не аплочвае камунальныя плацяжы. Сама спадарыня Наталля вымушаная была пераехаць у службовы інтэрнат, запазычанасць жа за кватэру спаганяюць з яе пенсіі.

НАТАЛЛЯ КАРАЛЬКО:
«Калі я кажу, што ён не плоціць, мне адказваюць і ў домакіраванні, і куды б я ні звярталася, мы з яго не можам нічога ўзяць, плаціце вы».

Калі спадарыня Наталля страціць сваю цяперашнюю працу, то фактычна застанецца і без жытла. Хаця права на жытло грамадзянам гарантуе Канстытуцыя. Праваабаронцы ж заўважаюць і іншыя супярэчнасці.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПЦ «ПРАВАВАЯ ДАПАМОГА НАСЕЛЬНІЦТВУ»:
«Людзі страцілі сваю ўласнасць, фармальна ўласнасць. Чаму я кажу фармальна, таму што яны зарабілі 20-30 гадоў назад пры савецкай дзяржаве. Яны адпрацавалі і проста не хацелі афармляць уласнасць».

Не хацелі, ці не маглі. Наталлі Бут-Гусаім суд даў тры месяц на пагашэнне 4-мільённай запазычанасці. Інакш пагроза высялення ўсцяж актуальная.

НАТАЛЛЯ БУТ-ГУСАІМ:
«Аказалася, што ў мяне дзіця інвалід І групы. Нават гэта не ёсць нейкім змякчэннем ці змяншэннем».

Плата за арэндныя кватэры, што дзяржава атрымала з першага ліпеня, напэўна істотна папоўніць бюджэт, але разам з гэтым у краіне могуць зʼявіцца і некалькі тысяч бяздомнікаў.

Вольга Кляўчэня, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары