«Худая, з чорнымі кругамі пад вачыма»: стан Надзеі Саўчанкі пагоршыўся


Лётчыца працягвае галадаванне, распачатае пасля вынясення прысуду. Пра пагаршэнне стану ейнага здароўя напісаў адвакат украінкі Мікалай Полазаў.

«Сустрэўся з Надзеяй Саўчанкай у СІЗА. Худая, з чорнымі кругамі пад вачыма. Вага крыху менш 60 кг… Як ёй сказалі лекары, кроў ператварылася ў смалу, якую сэрцу вельмі складана прапампоўваць і вялікая верагоднасць утварэння тромба і раптоўнай смерці, літаральна ў сне», – напісаў ён у сваім «Фэйсбуку».

Саўчанка адмаўляецца ад шпіталізацыі, працягваючы галадаць. Паводле Полазава, яна гатовая прайсці абследаванне незалежнай групы лекараў з Украіны ці Германіі, аднак «пакуль ніякай пазітыўнай інфармацыі аб іх допуску няма».

Таксама Саўчанка прапанавала  Парашэнку дзейнічаць больш рашуча ў перамовах аб яе вызваленні. Яна разлічвае, што «пасля ейнага вызвалення пачнецца ланцуговая рэакцыя, якая прывядзе да вызвалення астатніх украінскіх палітвязняў у Расеі».

22 сакавіка Данецкі гарадскі суд Растоўскай вобласці прызнаў яе вінаватай у забойстве двух расейскіх журналістаў і прысудзіў да 22 гадоў калоніі. Лётчыца сваю віну адмаўляе. Паводле абароны, яе выкралі тэрарысты на тэрыторыі «ЛНР», а затым вывезлі ў Расею. Пад вартай Саўчанка знаходзіцца ад ліпеня 2014 года.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў