Хто «здаў» Фядыніча і Комліка? «Белсату» адказваюць афіцыйныя ўстановы Літвы і Польшчы


Журналісты belsat.eu звярнуліся з запытамі да ўладаў Літвы і Польшчы, каб даведацца, ці не перадавалі гэтыя краіны беларускім праваахоўнікам інфармацыю пра магчымую наяўнасць банкаўскіх рахункаў прадстаўнікоў прафсаюзу РЭП.

Менавіта звесткі аб банкаўскіх рахунках, перададзеныя беларускаму боку сталіся ў 2011 годзе асноваю для пераследу праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Цяпер крымінальныя справы распачалі ў дачыненні лідара Незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка. Абодвум можа пагражаць да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Літва навучылася на справе Бяляцкага

Міністэрства юстыцыі Літвы. Фота Delfi.lt

Журналісты belsat.eu звярнуліся ў Міністэрства юстыцыі Літвы з пытаннем, ці прадстаўляў літоўскі бок афіцыйнаму Менску інфармацыю пра банкаўскія рахункі (калі яны ёсць) Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

З адказу вынікае, што беларускі бок працягвае слаць запыты адносна рахункаў беларусаў у Літве. Аднак Вільня не выдавала прафсаюзных дзеячаў.

«Адказваючы на ваш запыт інфармуем, што Беларусь не звярталася ў Міністэрства юстыцыі Літоўскай рэспублікі адносна згаданых персонаў. Міністэрства юстыцыі атрымлівае з Беларусі запыты прадставіць інфармацыю аб рахунках грамадзянаў гэтай краіны ў банках Літвы. Але такая інфармацыя Беларусі не прадстаўляецца, а згаданыя запыты вяртаюцца Беларусі», – гаворыцца ў лісце, які атрымала рэдакцыя belsat.eu ад прэс-сакратара міністэрства Аўдрыса Кутрэвічуса.

Польшча: будзем высвятляць

Аналагічны запыт «Белсат» скіраваў у Генеральную пракуратуру Польшчы. Інфармацыя пра рахункі прадстаўнікоў РЭП магла быць выдадзеная беларускаму боку на падставе двухбаковай дамовы аб прававой дапамозе.

Мы запыталі польскі бок, ці атрымлівала Польшча запыты адносна Фядыніча і Комліка і ці была прадстаўленая беларускім праваахоўнікам гэткая інфармацыя.

Наш ліст перанакіравалі 3 жніўня ў Бюро Міжнароднай супрацы Генпракуратуры. «Вашыя пытанні перасланы з просьбаю падрыхтаваць адказы. Яны будуць неадкладна высланыя вам, як толькі будуць падрыхтаваныя», – гаворыцца ў лісце ад пракурора Аркад’юша Ярашэка.

Пакуль што адказ з Бюро на адрас «Белсату» не прыходзіў.

Справа Бяляцкага – 2

Беларускія праваахоўнікі зладзілі ператрус у сядзібе РЭП 2 жніўня. Сканфіскаваная большая частка кампʼютараў, жорсткіх дыскаў, шукалі дакументы.

Пазней стала вядома, што Генадзя Фядыніча ды Ігара Комліка вінавацяць ва ўхіленні ад аплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Паводле следства, прадстаўнікі прафсаюзу мелі рахункі ў замежных банках, перыядычна выязджалі за мяжу, каб зняць з іх грошы і прывезці ў Беларусь.

«Відавочна, гэта была спланаваная акцыя, помста за нашу дзейнасць і пазіцыю цягам вясновых пратэстаў супраць Дэкрэту №3. Натуральна, доказная база ў справе адсутнічае, абвінавачванні не маюць абгрунтавання», – заявіў лідар прафсаюзу, каментуючы «Белсату» арышты і ператрус.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў