Хто забіў Паўла Шарамета?

video

Год без Паўла Шарамета. У Беларусі і за яе межамі смуткавалі з нагоды гадавіны смерці вядомага беларускага, расейскага і ўкраінскага журналіста. Забойства ў цэнтры Кіева стала для ўсіх шокам. Адразу пасля смерці Шарамета ўкраінскія ўлады абяцалі хутка знайсці злачынцаў. Аднак дагэтуль ні замоўцы, ні выканаўцы забойства не назвалі.

Успаміны і цёплыя словы гучалі сёння ля магілы Паўла

Сваякі і калегі дасюль не могуць пагадзіцца са стратай, якая для ўсіх стала нечаканым і цяжкім болем.

А 7:45 паводле мясцовага часу на скрыжаванні вуліцаў Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве выбухнуў аўтамабіль, у якім Павел Шарамет ехаў на працу. Праз некалькі хвілінаў пасля выбуху пацярпелы памёр у машыне хуткай дапамогі.

Забойства Шарамета выклікала бурлівую рэакцыю ў свеце

Расследаванне крымінальнай справы аб наўмысным забойстве ўзяў пад асабісты кантроль прэзідэнт Пятро Парашэнка. У якасці асноўных версіяў злачынства высоўвалі прафесійную дзейнасць Паўла, непрыязныя дачыненні, а таксама спробу дэстабілізаваць дзяржаўны лад Украіны. Кіраўнік МУС не выключаў удзелу ў забойстве расейскіх спецслужбаў. Першыя дні і месяцы расследавання не далі вынікаў.

«Калі такія гучныя справы не расследваюцца ў першыя месяцы, то я магу сказаць, што шлях вядзе да самой улады», – упэўненая Святлана Завадская, жонка зніклага журналіста Дзмітрыя Завадскага.

Публікацыя новых матэрыялаў мусіла стаць пераломам у справе

Камера відэаназірання зарэгістравала, як зламыснікі замінавалі аўтамабіль, у якім ездзіў Павел Шарамет. Следчыя даведаліся, што адна асоба падрыхтавала месца для выбухоўкі, другая падклала яе больш як праз дзве гадзіны. Аднак да сёння праваахоўнікі не назвалі здзяйсняльнікаў замаху.

Іншы след дало паліцыі незалежнае расследаванне. Паводле журналістаў, напярэдадні забойства за домам Паўла Шарамета сачыў былы супрацоўнік спецслужбаў.

Украінскія следчыя апраўдваюцца

У першую гадавіну забойства Паўла Шарамета следчыя органы Украіны паведамілі, што ясных падазраваных на гэты момант у справе няма. У якасці аргументу падаюць немагчымасць спраўдзіць усе расейскія кантакты журналіста.

Сваякі і сябры Паўла Шарамета чакаюць праўды. Яны спадзяюцца, што гэтым разам цяжкі беларускі і расейскі досвед беспакаранасці аўтараў гучных забойстваў і знікненняў не паўторыцца.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары