Хто забароніць нам смяяцца?


Дацкая газета «JYLLANDS-POSTEN» першаю пусціла ў друк карыкатуры на прарока Мухамэда. Задоўга да «Шарлі Эбдо» ісламісты пагражалі расправаю менавіта гэтаму дацкаму выданню. Карэспандэнтка «Белсату» Настасся Яўмен сустрэлася з журналістам Корэ Сёрэнсэнам, які распавёў, як гэта – працаваць у рэдакцыі, якая сталася мішэнню №1 для тэрарыстаў.

Корэ, якія адчуванні ад працы ў рэдакцыі, што ёсць мішэнню для тэрарыстаў?

– Насамрэч, гэта асаблівая сітуацыя. Ты мусіш быць абачлівым да таго, што робіш. Ты мусіш трымацца захадаў бяспекі. Часам даволі цяжка працаваць ва ўмовах, якія дыктуюцца існаваннем рэальнай пагрозы для газеты.

– Як адрэагавала вашая рэдакцыя і супрацоўнікі на тэракты ў Парыжы?

– Безумоўна, падзеі ў Парыжы – гэта тое, што таксама можа здарыцца ў КапэнгАґене ці іншых гарадах, дзе працуюць рэдакцыі «JYLLANDS-POSTEN». Мяркую, што людзі адрэагавалі па-рознаму на гэтую сітуацыю. Некаторых палохаюць наступствы. Напад на “Шарлі Эбдо” паказаў, што дасюль ёсць людзі, якія жадаюць адпомсціць за карыкатуры. Карыкатуры былі апублікаваныя ў верасні 2005-га. Мінула амаль 10 гадоў, таму іншыя мяркуюць, што, можа быць, яны паспелі забыць, можа быць, мы перажылі гэта? Але цяпер мы бачым, што пра гэта няма гаворкі.

– Вы расследавалі дзейнасць тэрарыста, які, імаверна, планаваў напасці на «JYLLANDS-POSTEN». На Вашую думку, ці рызыка ўсцяж існуе?

– Рызыка ўсцяж вельмі высокая. Калі запытаць дацкіх праваахоўнікаў і спецслужбы, яны гэта пацвердзяць. Рызыка не знізілася. Пасля атак у Парыжы ахову ўзмацнілі. Я думаю, нават праз 10 гадоў тэрарысты па-ранейшаму будуць прагнуць помсты.

– Падчас Вашага расследавання Вы імкнуліся пранікнуць у свядомасць тэрарыста. На Вашую думку, чаму людзі гатовыя забіваць праз карыкатуры?

– Бальшыні з нас цяжка зразумець, з якой прычыны камусьці карціць забіць журналіста, які робіць сваю працу, толькі таму, што ён працуе ў газеце з няправільнымі карыкатурамі.

У выпадку Даніі грамадзянін Пакістану і ЗША Дэйвід Гэдлі імкнуўся адпомсціць, напэўна, праз нястачу адрэналіну. Ён шукаў сэнсу жыцця. Падчас падарожжа ў Пакістан ён пазнаёміўся з радыкальным ісламам. Цягам некалькіх гадоў ён набыў моцную матывацыю здзейсніць нешта. І прыдумаў – напасці на«JYLLANDS-POSTEN». На шчасце, яго арыштавалі, і цяпер ён у турме. Але ўсе мы ўсведамляем, што ён не адзіны такі. Неабавязкова, каб іх было шмат. Дастаткова невялікае групоўкі. У Парыжы мы бачылі дваіх, трэці, магчыма, быў саўдзельнікам. І гэтага было дастаткова, каб зрабіць вялізную шкоду.

– Некаторыя звязваюць тэрарызм з імігрантамі. Як Вы ставіцеся да гэтае думкі?

– У Даніі мы бачым, што асноўная небяспека сыходзіць ад замежнікаў. Адзін з тэрарыстаў паходзіў са Швецыі, другім быў грамадзянін Пакістану і ЗША.

– Адныя цвердзяць, што заходнім краінам трэба абараняць свабоду слова. Іншыя перакананыя, што не трэба правакаваць. А Вы як думаеце?

– Гэта добрае пытанне. Персанальна яне маю адназначнай пазіцыі ў гэтай дыскусіі. Я напісаў шмат артыкулаў адносна гэтай тэмы. А насамрэч гэта складана.  У нас ёсць свабода слова. Мы мусім пераканацца, што гэтую свабоду мы захаваем. У той жа час трэба паводзіцца ветліва. Але калі мы правядзем лінію, што гэта нельга маляваць, а тое нельга казаць, ува што гэта выльецца праз дзесяць гадоў? Што нельга смяяцца з караля і каралевы? У нас у Даніі ёсць каралева, і смяяцца з яе – гэта частка нашае традыцыі. Гэтак жа мы рагочам з нашага прэм’ер-міністра, футбалістаў, актораў і з самых сябе.

Гутарыла Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў