Хто, як і адкуль вязе кантрабандныя харчы з Беларусі ў Расею?


Новая схема экспарту кантрабандных харчоў у Расею. Беларуская ветэрынарная служба выстаўляе сертыфікат на адзін ладунак мяса ад праверанага вытворцы. Але ў Расею паводле гэтага дакументу вывозяць іншы тавар – невядомага або незаконнага паходжання.

У апошнім гэткім выпадку, выяўленым «Рассельгаснаглядам», галоўным падазраваным выступае беларуская лагістычная кампанія «Мясное Лукошко». Яна атрымала сертыфікат на адпраўку ў Расею кураціны з птушкафабрыкі «Гарадок». А адправіла іншую прадукцыю – з Меднаўскай птушкафабрыкі, якой не дазволена экспартаваць у Расею. Частка прадукцыі ў цяжкавіку была ўвогуле невядомага паходжання, магчыма, з Еўразвязу.

«Улічваючы папярэдні досвед, відавочна ёсць падставы для таго, каб Расея абвінавачвала Беларусь і прымала адпаведныя захады, каб блакаваць гэтыя кантрабандныя тавары, з іх пункту гледзішча», – мяркуе Аляксандр Ярашук, былы куратар Менскай вобласці па сельскай гаспадарцы:

Сітуацыя пагаршаецца з года ў год

Прэтэнзіі адносна кантрабанды заходніх харчоў праз Беларусь расейскі бок выстаўляе афіцыйнаму Менску рэгулярна.

«Сёння ідзе забаронены для ўвозу ў РФ тавар з краінаў ЕЗ. На жаль, праз Беларусь. Напісана: краіна паходжання – Беларусь. Налепку сарвалі – Польшча», – распавядаў пазалетась Уладзімір Пуцін.

Сёння намесніца кіраўніка ўпраўлення «Рассельгаснагляду» па Смаленскай і Бранскай вобласцях заявіла нашаму тэлеканалу, што, паводле ейных назіранняў, з года ў год праблема з беларускаю кантрабандаю для іх пагаршаецца.

«Беларускія прадукты харчавання, якія экспартуюцца ў Расею, не даюць прыбытку. А што датычыць тых экспартавых плыняў з Еўразвязу ды Украіны (якія Беларусь рээкспартуе ў Расею – belsat.eu), безумоўна, гэта свае прыбыткі дае», – падсумаваў Аляксандр Ярашук.

Адмыслоўцы тлумачаць: з паглыбленнем эканамічнага крызісу ў Беларусі Менск усё больш актыўна карыстаецца з дзірак Мытнага саюзу, каб папаўняць скарбонку кантрабанднымі прыбыткамі – праз рээкспарт заходніх харчоў на Усход. Рэакцыя Масквы на гэта, аднак, робіцца ўсё больш жорсткаю. У чэрвені «Рассельгаснагляд» увёў санкцыі супраць пяці беларускіх харчовых прадпрыемстваў, у жніўні – яшчэ супраць сямі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота – checheninfo.ru

Стужка навінаў