На гэтым тыдні завяршыліся два рэзанансныя судовыя працэсы: справа сяржантаў Ягора Скуратовіча, Антона Вяжэвіча і Яўгена Бараноўскага, на якіх ускладаюць адказнасць за гібель Аляксандра Коржыча, а таксама справа іхных камандзіраў – старэйшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі і прапаршчыка Артура Вірбала. Belsat.eu разбіраўся, што стала вядома падчас гэтых судоў і на якія пытанні дагэтуль няма адказу.
Ніводная з версіяў не выглядае цалкам пераканаўчай.
Дзяржаўнае абвінавачанне настойвае на тым, што прыкметы гвалтоўнай смерці адсутнічаюць. Паводле пракуратуры, тыя раны, якія сваякі ў свой час прынялі за сляды пабояў, гэта проста вынікі ўскрыцця трупу. Слядоў барацьбы на целе не было, смерць наступіла праз механічную асфіксію ў выніку павешання. А пераканаўча імітаваць павешання, як сцвярджаюць эксперты, фактычна немагчыма.
Аднак сваякі загінулага жаўнера ў самазабойства дагэтуль не вераць. Яны кажуць, што Коржыч да апошняга часу строіў планы на будучыню, быў вясёлым і жыццярадасным хлопцам, і ніколі не выказваў суіцыдальная думкі. На псіхічныя захворванні не пакутаваў. А самае галоўнае – у Печах Коржычу заставалася прабыць каля двух тыдняў, пасля чаго яго мусілі перавесці ў іншую частку. Навошта ў такой сітуацыі забіваць сябе?
То бок асноўны аргумент прыхільнікаў версіі гвалтоўнай смерці – немагчымасць лагічна патлумачыць самазабойства. Асноўны аргумент прыхільнікаў версіі самазабойства – адсутнасць відавочных прыкметаў гвалтоўнай смерці.
Тэарэтычна – так. У медычнай літаратуры апісаныя шматлікія выпадкі, калі самазабойца звязваў сябе канечнасці – рукі, або рукі і ногі. Робіцца гэта дзеля пэўнай падстрахоўкі – каб не было магчымасці перадумаць і ў апошні момант сарваць пятлю. Праўда, кіраўнік кафедры судовай медыцыны БДМУ, прафесар Алег Чучко ў судзе прызнаўся, што за сваю амаль 50-гадовую практыку не прыгадае выпадкаў, калі б самазабойца звязваў сябе толькі ногі. Не чуў ён і пра выпадкі, калі самазабойца штосьці нацягваў сябе на галаву. Праўда, прафесар дадаў, што чалавек, які вырашыў здзейсніць суіцыд, знаходзіцца ў вялізарным стрэсе і вельмі часта ягоныя паводзіны абсалютна нелагічны.
З іншага боку, калі меркаваць, што гэта было забойства, то такія дзіўныя абставіны выглядаюць яшчэ больш нелагічны – імітуючы самазабойства, злачынца мусіў усё ж развязаць ногі Коржыча, каб не выклікаць дадатковых падазрэнняў.
У цэлым усе эксперты згодныя з тым, што звязаныя ногі і нацягнутая на галаву майка не выключае магчымасці самазабойства. Але дадаюць: гэта вельмі складаная форма суіцыду. Асабліва ўлічваючы, што Коржыча знайшлі павешаным у абсалютна цёмным падвале, дзе не было ніводнай лямпачкі.
Падобнае сцвярджэнне не выглядае бясспрэчным.
Скуратовіч, Вяжэвіч і Бараноўскі сапраўды актыўна падтрымлівалі нестатутныя адносіны ў войску, білі і вымагалі грошы з жаўнераў. Але выключнага ціску на Коржыча ў гэтым сэнсе не аказвалася: то бок сяржанты рабілі з Аляксандрам тое ж самае, што рабілі і з астатнімі – прымушалі адціскацца пасля адбою, часам білі, вымагалі грошы. На судзе не распавядалася пра нейкія асабліва дзікунскія здзекі з Коржыча або катаванні. Таксама няма падставаў сцвярджаць, што ў Коржыча з сяржантамі быў нейкі асабісты канфлікт, праз што яны адмыслова «прэсавалі» жаўнера. Нарэшце, Коржыч не пакінуў пасмяротнай запісцы, у якой бы казаў пра тое, што паводзіны Бараноўскага, Вяжэвіча і Скуратовіча прымусілі яго пайсці на такі крок.
У выніку, каб звязаць дзеянні сяржантаў са смерцю Коржыча, пракурор Юры Шарснёў абвінаваціў падсудных у тым, што яны сваймі супрацьпраўнымі дзеяннямі стварылі невыносныя маральна-псіхалагічныя ўмовы ў частцы. Паводле пракурора, дзеянні Бараноўскага, Скуратовіча і Вяжэвіча пераканалі Коржыча «ва ўсёдазволенасці і карумпаванасці сяржанцкага складу, іх беспакаранасці», што і падштурхнула жаўнера здзейсніць акт суіцыду.
Аднак калі сыходзіць з таго, што сама сістэма нестатутных адносінаў давяла Коржыча да самагубства, то тады чаму нароўні з сяржантамі адказнасць за гэта не нясуць і афіцэры?
Святлана Коржыч на судзе абуралася тым, што ніхто з вышэйшага афіцэрскага складу не панёс адказнасці за смерць яе сына, і наўпрост абвінаваціла міністра абароны Андрэя Раўкова ў бяздзейнасці.
Калі сыходзіць з таго, што Коржыча падштурхнуў да самагубства сам факт дзедаўшчыны ў Печах, то лагічна, што афіцэры адказныя за гэты беззаконне ніяк не менш за сяржантаў. Аднак следства не ўскладае адказнасці за смерць Коржыча на афіцэраў. У гэтым не вінавацілі нават старэйшага лейтэнанта Паўла Сукавенку, які актыўна падтрымліваў сістэму дзедаўшчыны ў Печах: асабіста біў сяржантаў, здзекаваўся з іх, вымагаў і краў грошы (а сяржанты ў сваю чаргу ўсё тое ж самае рабілі з шарагоўцамі). Былы начальнік Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў Печах палкоўнік Канстанцін Чарнецкі ды іншыя старэйшыя афіцэры, якія заяўлялі ў судзе, што абсалютна нічога не ведалі пра нестатутныя адносіны, наогул не былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.
Пры гэтым людзі, які служылі тэрміновую службу ў беларускім войску, не сумняюцца, што падобных трагедыях вінаватыя ў першую чаргу афіцэры.
«Я перакананы, што такія рэчы павінны афіцэры перадухіляць, яны абавязаны былі заўважыць канфлікт. Калі чалавек павесіўся не з-за няшчаснага кахання, а праз дзедаўшчыну, то гэта наўпроставая некампетэнтнасць камандзіраў. Бо жаўнер тэрміновай службы знаходзіцца ў калектыве 24 гадзіны ў содні, яго ўвесь час бачна», – казаў раней у інтэрв’ю belsat.eu журналіст Раман Васюковіч, які некалькі гадоў таму сам праходзіў тэрміновую службу ў беларускім войску.
Ніводны з удзельнікаў працэсу – ні сведкі, ні пацярпелыя, ні абвінавачаныя – не далі адказу на гэтае пытанне. Ніхто з саслужыўцаў Коржыча не патлумачыў, чаму ён мог павесіцца, а некаторыя прызнаваліся, што проста не вераць у самазабойства.
Як ужо адзначалася, нейкіх выключных здзекаў з Коржыча зафіксавана не было, а да пераводу ў іншую частку заставалася 2 тыдні. Жаўнер да апошняга строіў планы на будучыню, думак наконт самагубства не агучваў, на псіхічныя захворванні не пакутаваў.
Аднак саслужыўцы прызнаюць, што ў апошні момант, калі Коржыч пачаў скардзіцца на праблемы са здароўем і трапіў у медычную роту, ягоны настрой заўважна пагоршыўся. Пасля выпіскі са шпіталю Коржыч проста знік. У сваё падраздзяленне жаўнер не трапіў і толькі праз тыдзень яго знайшлі павешаным у падвале.
Што здарылася з Коржычам у медычнай роце і як ён мог знікнуць пасля выпіскі – галоўная загадка гэтай справы. Цалкам верагодна, што менавіта падчас знаходжання ў шпіталі з жаўнерам адбылося нешта, што прывяло да ягонай смерці. Аднак дакладных звестак пра гэта мы не маем.
Дарэчы, Святлана Коржыч падчас суду шмат разоў прасіла даставіць на працэс Кацярыну Чумак – лекара са шпіталю ў Печах. Яна аглядала жаўнера як раз напярэдадні ягонай гібелі. Аднак пасля трагедыі ў Печах Чумак звольнілася і з’ехала ў Расею, на судзе яна гэтак і не з’явілася.
Выключаць гэтага нельга. Падчас судовых спрэчак адвакатка Святланы Коржыч Ілона Рудава звярнула ўвагу на тое, што на фрагментах майкі Коржыча знойдзены біялагічны матэрыял дзвюх нявысветленых асобаў. Біяматэрыял быў і на рэмені, з якога была зробленая пятля. Супадзенняў ДНК з абвінавачанымі пры гэтым не знойдзена.
«Дагэтуль асобы застаюцца невядомымі, чыё ДНК было знойдзена – следства не ўстанавіла. Такім чынам, довады пракурора пра адсутнасць асобаў, якія маюць дачыненне да смерці Коржыча, не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Лічу, што ў дадзеным выпадку гэтыя асобы проста не ўстаноўленыя», – адзначыла адвакатка.
Ігар Ільяш, belsat.eu