Хто «укусіў» Лукашэнку


«Мне надакучыла чытаць паведамленні з Расеі, рознага кшталту палітычныя флюгеры і правакатары пачынаюць і мяне тузаць», – паскардзіўся Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з шэфам «Газпрому» Аляксеем Міллерам. «Белсат» адшукаў публікацыі ў расейскіх медыях, якія маглі б абразіць Лукашэнку.

Здрада

Адзін з найбуйнейшых расейскіх навінных парталаў «Газета.ру» вінаваціць Лукашэнку ў тым, што ён адвярнуўся ад Расеі. «Перад выбарамі Лукашэнка ўзмацняе антырасейскую рыторыку, – піша аўтар. Ранейшы лозунг «За моцную і квітнеючую Беларусь» змяніўся на новы: «За будучыню незалежнай Беларусі». Лукашэнка недвухсэнсоўны намякае, што гаворка ідзе пра незалежнасць перадусім ад Расеі».

Паводле аўтара, расейскія алігархі, «Россельгаснагляд» ды «увогуле расейскі свет» сталіся галоўнымі аб’ектамі для крытыкі з боку Лукашэнкі. Сярод іншага на гэтым цяперашні кіраўнік дзяржавы будуе сваю выбарчую кампанію.

Тым часам адносна ліберальны рэсурс «Slon.ru» разважае на тэму «Калі Лукашэнка вырашыць парваць з Расеяй». Аўтар публікацыі, выпускаючы рэдактар рэсурсу, звяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка пачаў рэзка і нават недапушчальна груба крытыкаваць Расею. «Масква дазваляе шмат, ён гэта цудоўна разумее і не грэбуе гэтым карыстацца, падтрымліваючы рэпутацыю майстра размоўнага жанру», – падкрэслівае «slon.ru».

Аднак ёсць рэчы, якія шараговыя расейцы могуць не дараваць.

Крыўда

Шэраг крытычных публікацый аб Лукашэнку з’явіліся ў расейскіх медыях пасля ягонай сустрэчы з журналістамі недзяржаўных выданняў. Падчас інтэрвю Лукашэнка заявіў, што ідэя «расейскага свету» – прапагандысцкая глупства. Зразумела, што гэта не спадабалася гарачым прыхільнікам славянскага братэрства з Масквою на чале.

Выказванне ж пра тое, што «у Расеі няма ні грошай, ні мазгоў» буйныя расейскія медыі як па загадзе праігнаравалі. Затое заўважылі блогеры і шараговыя карыстальнікі.

Грошы

[vc_single_image image=”368187″ img_size=”large”]

У Маскве перакананыя, што рэжым Аляксандра Лукашэнка існуе выключна дзякуючы расейскаму фінансаванню.

«Трэба вырашаць, што рабіць з Лукашэнкам», – так называецца публіцыстычны артыкул, апублікаваны інфармацыйным агенцтвам «Regnum».Журналіст выкрывае «баьцканоміку», якая пабудаваная на расейскіх крэдытах і субсідыях ды рэкамендуе Крамлю «паэтапную але хуткую інтэграцыю Беларусі ў Расею». Гэткая «інтэграцыя» прадугледжвае ўвядзенне расейскага рубля, перадачу выканаўчых функцыяў Маскве і нават люстрацыю мясцовых чыноўнікаў.

«Цяжкая артылерыя» пакуль маўчыць

[vc_single_image image=”368178″ img_size=”large”]

Падкантрольныя Крамлю ды апазіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы перыядычна дазваляюць сабе «тузаць» Лукашэнку. Але пакуль што «галоўныя калібры» расейскай прапагандысцкай машыны маўчаць: на федэральных тэлеканалах пра Лукашэнку ўзгадваюць у асноўным як пра аматара капаць бульбу і пакасіць траву.

Лукашэнка-палітык з’яўляецца ў эфіры і на сайтах буйных медыяў, калі выказваецца пра падтрыманне цесных сувязяў з Расеяй. Хоць так было не заўсёды: напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў-2010 па НТВ транслявалі 5-серыйны цыкл расследаванняў «Хросны бацька». А тагачасны прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што кіраўніцтва Беларусі прыняла на ўзбраенне антырасейскую рыторыку. «Перадвыбарная кампанія цалкам пабудаваная на антырасейскіх сюжэтах. На істэрычных абвінавачваннях Расеі ў нежаданні падтрымліваць беларусаў і беларускую эканоміку».

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў