Хто такія «графіцісты»? Тры партрэты новага пратэсту


Пра дзяцінства, пратэст, веганства і ідэальнае грамадства «Белсат» паразмаўляў з Максімам Пякарскім, Вадзімам Жаромскім і Вячаславам Касінеравым – фігурантамі «справы графіцістаў».

Максім Пякарскі: «Уся гэта гісторыя паказала паднаготную блізкіх людзей»

Максім Пякарскі. Фота symbal.by

Хлопец дрэнна памятае свайго тату: бацькі разышліся, калі яму было 7 год. Максіма з малодшай сястрой выхоўвала маці, а на летніх канікулах – дзядуля і бабуля ў вёсцы каля Смаргоні. Тыя шмат распавядалі ўнукам пра сваё дзяцінства і маладосць. Максімаваму дзеду бальшавікі чатыры разы разбіралі хату, каб ён пераехаў жыць з хутара ў вёску ды пайшоў у калгас.

Максім кажа, што з дзяцінства вельмі любіў маляваць і сам захацеў вучыцца паралельна са звычайнай яшчэ і ў мастацкай школе.

Хлопец цікавіўся беларускай гісторыяй і культурай, чытаў багата кніг. Пачуцці, што тады перажываў хлопец, вядомыя шмат каму з ягоных аднагодкаў, якія адкрывалі сваю ідэнтычнасць з літаратуры: «З таго часу з’явіўся дысананс з рэчаіснасцю. Першыя думкі барацьбы ўзніклі, напэўна, тады», – гаворыць Максім Пякарскі.

Хлопец трапіў у кола фанатаў клубу «МТЗ-РИПО», дзе неўзабаве пазнаёміўся з Вадзімам Жаромскім.

«Фанаты былі антыфашыстамі і антырасістамі. Большасць – беларускамоўныя. Мне было гэта блізка», – тлумачыць ён.

Не без гонару Максім падкрэслівае, што гэта быў першы клуб у СНД з антыфашысцкімі і антырасісцкімі поглядамі, які да таго ж некаторы час існаваў на сродкі сваіх прыхільнікаў. На каляфутбольную тэму было першае графіці Максіма.

Хлопец скончыў факультэт інфармацыйных тэхналогіяў у Маладзечанскім каледжы і пераехаў у Менск. Грошы на жыццё яму прыносіць уэб-дызайн.

Адно з захапленняў Максіма – тату. Зрэдку ён набівае малюнкі на патрыятычныя тэмы сябрам. Сёлета ён атрымаў запрашэнне на Фэст беларускай татуіроўкі. «Калі паспею падрыхтавацца, абавязкова буду ўдзельнічаць, – распавядае хлопец. – Я хачу не толькі эскізы даслаць, але там на месцы «біць».

Максім кажа, што на допыты яны хадзілі, як на працу. Аднойчы ягоная размова са следчым цягнулася ад 9-й раніцы да 19-й вечару.

Увесь гэты час Максім мала абмяркоўваў ход справы з роднымі, каб занадта іх не турбаваць. Маці хлопца выклікалі ў суд у якасці сведкі, аднак тая туды проста не прыехала.

Да гэтага ў яго былі два адміністрацыйныя спагнанні – 5 сутак арышту і штраф – за графіці і раздачу ўлётак. Максім падсумоўвае, што гучная крымінальная справа была добрай школай. «Даведацца ссярэдзіны, як працуе сістэма, – было каштоўна. Што да майго светапогляду, то ён аніяк не змяніўся», – гаворыць Максім.

Крымінальная справа стала выпрабаваннем не толькі для яго, але і для асяроддзя хлопца. Ён гаворыць, што каля яго аказаліся і здраднікі, і тыя, ад каго падтрымання зусім не чакаў.

Вадзім Жаромскі: «Сышоў з «Моладзі БНФ» праз палітыканства»

Вадзім Жаромскі

«Мы чакалі горшага, але радавацца рана, – кажа Вадзім Жаромскі пра прысуд. – Ціск не спыніўся. На днях да маіх і Максімавых бацькоў прыходзілі следчыя і міліцыя. Казалі, што ў Смаргоні і Маладзечна нейкія незразумелыя малюнкі з’явіліся: «Хутчэй за ўсё, гэта вашыя дзеці».

Вадзім паходзіць са Смаргоншчыны. Ён нарадзіўся і вырас у раённым цэнтры. Праз мясцовыя субкультуры ён сам прыйшоў да сённяшніх перакананняў. «У мяне былі сябры-веганы. Мы абменьваліся цікавай літаратурай на гэту тэму, – гаворыць Вадзім. – Дарэчы, мая мама ўжо 20 год вегатарыянтка. Яна ў мяне прагрэсіўная. Увогуле, з бацькамі праблем не было ніколі. Падтрыманне блізкіх людзей вельмі важнае».

Па заканчэнні школы хлопец паступіў адразу ў два ўніверсітэты: у ЕГУ і БІП. Выбраў першы, аднак пасля чатырох год кінуў спецыяльнасць «Міжнароднае права». «Я вырашыў атрымаць больш рабочую, прыземленую прафесію», – кажа ён.

Вадзім наўрад ці прападзе пры любой уладзе: у яго ёсць кваліфікацыі плітачніка, зваршчыка, муляра. Завочна вучыцца на лесніка ў каледжы ў Полацку. Праўда, сесія прыпала на час судовых паседжанняў – як адрэагуе на гэта адміністрацыя ўстановы, Вадзім пакуль не ведае. Калі ішоў суд, яго звольнілі з працы ў гандлёвай фірме.

Інтарэс да грамадскай дзейнасці ў юнака са Смаргоні з’явіўся пад час прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе. Яго зацягнуў уздым моладзевай актыўнасці, які віраваў ва ўсёй краіне пасля сілавой зачысткі «Плошчы». Вадзім трапіў у «Моладзь БНФ». Хлопец узгадвае, як удзельнічаў ва ўсталяванні мемарыяльных крыжа і валуна ў гонар арганізатара антыбальшавіцкага падполля ў 1950-х Расцілава Лапіцкага.

«Але «Моладзь БНФ» не адпавядала маім ідэалам. Структура, палітыканства… У арганізацыях з іерархіяй заўжды будуць сваркі, барацьба за першыя месцы», – тлумачыць свае перакананні Вадзім Жаромскі.

Хлопцу падабаліся т. зв. «нізавыя ініцыятывы»: без партыйных спісаў, статутаў, офісаў і рэгістрацыяў. «На гэтай хвалі мы пазнаёміліся з Максімам і Славам», – расказвае Вадзім.

Вадзім Жаромскі

Ён быў заўзятарам футбольнага клубу «МТЗ-РИПО». Вадзім – прыхільнік руху «Straight Edge», субкультуры, што выступае супраць наркотыкаў, тытуню, алкаголю, разбэшчанасці і спажывецтва. Шмат людзей вядуць такі ж здаровы лад жыцця, але яны не залічаюць сябе да «Straight Edge» ці да чагосьці яшчэ. Пытаюся ў Вадзіма, чаму яму важна падкрэсліць далучанасць да канкрэтнага руху.

«Гэта не справа кожнага асобнага чалавека, але праблема грамадства. Я не разумею людзей, што называюць сябе нацыяналістамі ці анархістамі, змагаюцца супраць сістэмы, а самі залежныя ад шкодных звычак. Куды ты можаш весці людзей, калі сам несвабодны?»– лічыць хлопец.Ён не есць мяса, не п’е алкаголь і не паліць апошнія пяць год і кажа, што «лягчэй стаў сябе адчуваць знутры».

Ягонае апошняе слова ў судзе было, бадай, самым эмацыйным і катэгарычным. Вадзім казаў пра «састарэлых хціўцаў ад улады, перапоўненых страхам ад уласнай бездапаможнасці«. «Гэта было адрасавана пракурору, суддзі, тым, хто нас затрымліваў і абвінавачваў, – тлумачыць хлопец. – Раней ці пазней ім прыйдзецца адказваць».

Вадзім дадае, што нават пасля суда ягоным пад пад’ездам з’яўляецца чалавек у цывільным з навушнікам.

Вячаслаў Касінераў – адмыслова змяніў прозвішча

Вячаслаў Касінераў

Бацькі выбралі для сына школу з рускай мовай, хоць беларускамоўная была бліжэй дадому. Ён вырас і ўзяў прозвішча ў гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Хоць карані Вячаслава Касінерава напалову расейскія, ягоная знешнасць выдае цэнтральна-беларускае паходжанне: блакітныя вочы, светла-русыя валасы, мяккія рысы твару. На апошнім таксама адбілася захапленне рознымі відамі барацьбы: пераноссе крыху скрыўленае.

Вячаслаў Касінераў нарадзіўся ў Гомлі, з трох гадоў жыве ў Менску.

На першае паседжанне суда фігурант справы «графіцістаў» прыйшоў у пінжаку і штанах са стрэлкамі, а ў школе, Слава (тады яшчэ не Касінераў, а Тарошчын) быў у авангардзе змагання супраць школьнай формы. «Я выглядаў нешта сярэдняе паміж Мэрлінам Мэнсанам і Вілле Вала, – расказвае хлопец. – У мяне былі даўгія валасы. Я насіў чорныя балахоны з капюшонамі. Я купіў сабе некалькі атласных кашуль: чырвона-крывавую…»

Хлопец заявіў сваім бацькам: «Я буду бацюшкам!» і сабраўся паступаць на тэалагічны факультэт у БДУ. Неўзабаве рашэнне змянілася на карысць філасофскага і ўрэшце спынілася на гістарычным факультэце. «У нас быў класны выкладчык па этналогіі, – гаворыць Вячаслаў. – Ён фонам ставіў музыку народаў, пра якія распавядаў. Я адтуль вынес прынцып плюралізму: не адна культура не можа панаваць над іншай. Мы пра нейкі народ думаем як пра варвараў, а яны маральна могуць быць нашмат лепшымі за нас».

Тады ж Вячаслава захапіў лад дачыненняў у традыцыйных грамадствах. Пасля гістфаку ён уладкоўваецца на працу ў музей народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы. Маладому чалавеку імпанавала культура, створаная не майстрамі ў цэхах на замову князёў, але тая, што кшталтавалася стагоддзямі «з нізу».

У Азярцы Вячаслаў распрацоўваў канцэпцыі экспазіцый. У хуткім часе ён стаў вадзіць анімаваныя экскурсіі: пераапранаўся ў Жыжаля, Казу – у залежнасці ад сезону каляндарнай абраднасці.

«Я размаўляў на мове, што было дзіўна ў маім атачэнні, – кажа Вячаслаў. – Часам натыкаўся на агрэсію з гэтай нагоды. Мяне гэта здзіўляла. Я пачаў цікавіцца Беларуссю. Наша гісторыя – гэта гісторыя пакутаў».

Хлопец з гістарычнай адукацыяй ды пратэстным настроем – класічны партрэт сябра апазіцыйнай моладзевай арганізацыі. Хоць у Менску ў гэтым плане было з чаго выбраць, Вячаслава не цікавіла ніводнае з грамадскіх аб’яднанняў такога роду.

«Я сам сабе задаваў пытанне, чаму не трапіў у якую-небудзь партыю, – разважае ён. – Я магу сказаць, што мяне ад іх адштурхоўвала: вертыкаль».

Вячаслаў кажа, што ў яго да любой мадэлі дзяржавы будуць пытанні. Ягоны ідэал – недзяржаўнае грамадства гарызантальнай арганізацыі. «Мае героі, на якіх я раўняюся – Нестар Махно, Кастусь Каліноўскі, рух сапатыстаў, вызваленчы ірландскі рух», – гаворыць хлопец.

З будучай жонкай Вячаслаў пазнаёміўся не ў субкультурным асяроддзі, а праз сеціва. «Ну, гэта доўгая гісторыя…» – стрымана гаворыць ён. Калі ў сям’і чакалі дзіця, Вячаслаў перайшоў на больш грашовую працу, але пакуль ішоў суд, абодвух адтуль звольнілі. Нараджэнне дачкі стала вырашальным момантам, каб змяніць прозвішча. Касінер – просты выхадзец з народа. Перадаваць у спадчыну імя свайго бацькі-міліцыянера Вячаслаў не захацеў.

Вячаслаў лічыць, што графіці, улёткі былі б менш актуальныя, калі б гэта была краіна, дзе можна вольна выйсці з транспарантам на вуліцы. «Я заўважаў: слова з трох літар можа месяцамі «красавацца» на доме. Як толькі ты намалюеш значак анархіі ці нейкі іншы – адразу замалёўваюць», – гаворыць ён.

Вячаслаў не п’е і не паліць з 21 года і даўно не ўжывае мяснога ды малочнага. За ягоным прыкладам цягнецца малодшы брат. Нядаўна ён купіў сабе байку з «Пагоняй». «Я яму сказаў, што гэта “не па анархіі”. Але я паважаю ягонае меркаванне», – смяецца Вячаслаў.

Хлопец мае званне афіцэра запасу (адвучыўся на ваеннай кафедры, пакуль быў студэнтам). Аднойчы нават падаў дакументы на працу ў АМАП. Ужо на этапе суразмовы ён зразумеў, што ў гэтай структуры ён ніколі не прыжывецца.

Ці не баіцца хлопец застацца вечным змагаром за недасягальнае «высокае, чыстае, светлае»?

«Што ў гэтым дрэннага? Калі больш няма каму? Сыходзіць у зону камфорту? Воля, роўнасць, братэрства – для мяне не абстрактныя паняцці», – ні на момант не задумваецца Вячаслаў Касінераў.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў