Хто стане прэзідэнтам у ЗША: размова з амерыканскім палітолагам


«Прэзідэнцкія выбары ў ЗША: як найхутчэй прагаласуюць амерыканцы?» – назва прадстаўнічай міжнароднай канферэнцыі, якая цяпер праходзіць у Бруселі. І хоць да абвяшчэння вынікаў гэтых выбараў яшчэ багата часу, шмат хто, сярод іншага ў Еўропе, занепакоены. Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з дырэктарам аддзелу палітычных даследаванняў Даследчага цэнтру П’ю са Злучаных Штатаў Амерыкі Кэрал Догэрці.

– Спадару Догэрці, адкажыце найперш на пытанне, вынесенае ў назву канферэнцыі: дык як хутчэй за ўсё прагаласуюць амерыканцы? І чаму?

– Гэта выбарчая гонка, дзе рысакі бягуць вельмі блізка адзін да аднаго, барацьба ідзе на роўных. Бегчы яшчэ сем тыдняў, але канкурэнты настолькі роўныя, што сёння надзвычай цяжка прадказаць, што адбудзецца 8-га лістапада. Вынікі гонкі моцна залежаць і ад таго, куды схіляцца, як мы іх называем, «турбулентныя штаты», што ўвесь час вагаюцца. Вельмі важныя вынікі ў Агаё, Вірджыньі, Пенсільваніі, Флорыдзе. Гэта надзвычай важныя штаты, перамога ў кожным з іх можа даць перавагу кандыдату. Апошнія апытанні грамадскай думкі дэманструюць, што разбежка ў падтрыманні кандыдатаў у іх вельмі невялікая. Найбольш значная падзея ў найбліжэйшы час – гэта прэзідэнцкія дэбаты 26-га верасня, пабачым вынікі апытанняў пасля іх.

– Прэзідэнт Еўрапейскага парламенту Марцін Шульц у нядаўнім інтэрв’ю часопісу «Der Schpiegel» адзначыў, што магчымая перамога Доналда Трампа стане праблемаю не толькі ЗША, але і ўсяго свету. А таксама назваў Трампа «безадказным палітыкам, які хоча атрымаць адказную пасаду». Як вы пракаментуеце гэтыя словы?

– Думаю, вельмі шмат выбарцаў згодзяцца з гэтай думкай, але шмат хто і не згодзіцца. 43 % выбарцаў лічаць, што Трамп будзе жахлівым прэзідэнтам, але прыкладна столькі ж мяркуюць, што ён зробіць добрую працу. Шалі ўсталяваліся настолькі ў роўнай пазіцыі, што ўсе прагнозы мала чаго каштуюць. Трамп – і гэта рэальнасць – мае моцнае падтрыманне, асабліва ў «ягоных» штатах. Шмат хто знаходзіць паралелі паміж ім і «чужаком» у палітыцы Рональдам Рэйганам. Але іх моцна адрознівае тое, што Рэйган перад прэзідэнцтвам адпрацаваў два тэрміны на пасадзе губернатара Каліфорніі. Пасля таго як пакінуў Галівуд, вядома. А ў Трампа няма абсалютна аніякага кіроўнага і палітычнага досведу. Гэта даволі вялікая розніца паміж імі!

– Некаторыя медыі, пераважна ва Усходняй Еўропе, параўноўваюць Трампа з дыктатарам у Беларусі, чыстым папулістам Аляксандрам Лукашэнкам. Наколькі карэктныя гэтыя параўнанні, на вашую думку?

– Цяжка сказаць, я – невялікі адмысловец ва Усходняй Еўропе, калі шчыра. Але Трамп, відавочна, актыўна выкарыстоўвае папулісцкі мэсідж у сваёй кампаніі. І часта звяртаецца да людзей з больш нізкімі прыбыткамі ды з не вельмі высокай адукацыяй. Асабліва ў такіх штатах, як Вірджынья, Пенсільванія, Агаё, – там, дзе ягоныя звароты гучаць асабліва моцна.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў