Хто стаіць за вірусам «Пеця»?

video

Розныя кампаніі, дзяржустановы, банкі ды аэрапорты. Кібератакі накрылі краіны на розных кантынентах. Вірус з прыемным імем «Пеця» па-сапраўднаму буяніць. Кампʼютарнікі кажуць, што сітуацыя ўжо пад кантролем, але прынесеныя страты і створаныя праблемы пакідаюць шмат пытанняў.

Абсалютна нармальна працуе кампʼютар. Але да моманту, пакуль мы не адкрылі дасланы праз электроннай пошце далучаны дакумент. Заражаецца вірусам не толькі наш кампʼютар, але і тыя, якія знаходзяцца ў адзінай сетцы з ім. І гэта датычыць як персанальных кампʼютараў, гэтак і прыватных і дзяржаўных кампаніяў.

Вірус затакаваў больш за два дзясяткі краінаў па ўсім свеце

«Пасля заражэння скачваецца вірус-шыфравальшчык пад назваю «Пеця», ён ужо дастаткова стары. То бок гэта неякі модуль, які шыфруе кампʼютары карыстальнікаў, пасля чаго яны перазагружаюцца, і карыстальнікі бачаць перад сабою чорны фон, чырвоны тэкст, дзе ў іх вымагаюць 300 долараў ЗША», – распавядае Сяргей Нікіцін, эксперт па кібербяспецы з Масквы.

Пачалося ўсё з Украіны, якая пацярпела больш за ўсіх

Там напярэдадні заблакавалі кампʼютарныя сістэмы банкаў, энергетычных кампаніяў, дзяржструктураў, лакальных сетак, медыяў і шэрагу буйных прадпрыемстваў.

«У дэпартамент кіберпаліцыі Нацпаліцыі Украіны паступіла амаль 200 зваротаў пра парушэнні ў кампʼютарных сістэмах. Гэта звароты як дзяржустановаў, гэтак і прыватных установаў. Гэтыя звароты паступаюць як у Кіеве, гэтак і ў рэгіянальных прадстаўніцтвах кіберпаліцыі», – удакладніў Яраслаў Тракала з Нацыянальнай паліцыі Украіны.

Кабінет міністраў Украіны паведаміў: кібератака спыненая

Вядзецца праца для аднаўлення звестак. У медыях была мова пра пагрозу абʼектам крытычнае інфраструктуры, таксама АЭС, але гэта не пацвердзілася.

Хоць атака вірусу маланкава разышлася па ўсім свеце. У самой Расеі на запасныя серверы перавялі працу ў кампаніі «Роснефть». Былі праблемы ў турыстычных кампаніях. Адзначаліся збоі ў працы сеткі гіпермаркетаў у Францыі, порту ў Мумбаі, пацвердзілі спробы атакаў у ЗША, Аўстраліі, Ізраіле і дзясятках іншых краінаў.

Але няма галоўнага і яснага адказу: хто стаіць за хакерскаю атакай. У Кіеве і Вашынгтоне гавораць пра расейскі след. А вось у расейскай медыяпрасторы ўсё перакладаюць на ЗША.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары