Хто гэты мэсье з густымі вусамі? Парыжанкі ацанілі знешнасць Лукашэнкі па фота


Першы фотаздымак, што мы паказвалі апытаным.

Мы паказалі партрэт Аляксандра Лукашэнкі францужанкам на вуліцах Парыжу і папрасілі іх адгадаць, хто па прафесіі гэты мэсье на фота.

Лукашэнку французы ведаюць па прозвішчы, але мала хто з апытаных на Елісейскіх палях і ў парку Цюільры жанчынаў і дзяўчат адразу прыгадаў, што на фотаздымку нейкі палітычны дзеяч. Толькі дзве жанчыны ўзгадалі, што гэта прэзідэнт, але доўга вагаліся, чый: Польшчы, Украіны ці Сербіі? Затым калектыўнымі намаганнямі прыйшлі да высновы, што ўсё ж Румыніі.

Для большасці ж, фотаздымкі Аляксандра Лукашэнкі былі прапанаваныя як сацыяльная апытанка нібыта з мэтаю высветліць, ці падабаюцца ўсходнееўрапейскія мужчыны французскім жанчынам.

«Не, не вельмі. Ён нейкі надта жорсткі, бачна па вачах»,

«Не, ён мне зусім не сімпатычны»,

«Бачна, што ён ганарлівы і зусім не добры, не мяккі. А вусы класныя, густыя. І бачна, што ён ужо вельмі сталага ўзросту, але здаровы і глядзіць за сабой»,

«Ён надта сярдзіты і важны (на першым фотаздымку). А вось тут менш (на другім) весялейшы, але ўсё роўна нейкі не вельмі добры».

На пытанне, ці пазнаёміліся б яны з такім мужчынам і ці згадзіліся б выпіць з ім разам кубачак кавы ні адна з апытаных францужанак не адказала «так».

«Не, не мой тыпаж», – самы папулярны і нейтральны адказ, і «Не-не-не, вы што, не!» (махае рукамі і робіць вялізныя вочы) – самая эмацыйная рэакцыя.

Прафесія мужчыны на фота

Пасля таго, як апытаныя ацанілі знешнасць кіраўніка Беларусі, ім было прапанавана здагадацца, кім працуе гэты чалавек. Кампанія з трох дзяўчат, што адпачывалі ў парку каля Луўра, з самага пачатку ўзгадалі рэаліці-шоў на французскім тэлебачанні «Знайдзі каханне ў правінцыі» («Amour est dans le pré» па аналогіі з брытанскім тэлешоў «Farmer Wants a Wife»). Сутнасць праграмы ў тым, каб пазнаёміць адзінокіх мужчынаў, што жывуць у вёсцы і займаюцца фермерствам, з такімі ж адзінокімі тэлеглядачкамі. Кандыдаткі дасылаюць заяўкі ў рэдакцыю, а потым іх завозяць на тыдзень на ферму да абранага мужчыны, каб пабачыць, ці складуцца ў іх адносіны і ці вытрымае жанчына ролю фермеркі.

Дзяўчаты былі ўпэўненыя, што мужчына на фота – герой гэтага рэаліці-шоў, і былі вельмі расчараваныя, калі дазналіся, што ніякі ён не адзінокі фермер, а кіраўнік цэлай незалежнай краіны.

Фермерам у розных варыяцыях – пчалавод, вінаградар, Аляксандра Лукашэнку назвала прыкладна траціна апытаных. Калі нехта губляўся і не даваў ніякага адказу, ім прапанавалася выбраць з трох варыянтаў: «фермер», «палітычны дзеяч», «спартовец». Тады выпадаў палітычны дзеяч, бо «ён тут у кашулі, гэта больш падыходзіць для палітыка».

Некалькі жанчынаў прызналі ў ім вайскоўца па “жорсткасці ў вачах” і шырыні плечаў. Яшчэ адна прафесія, якая пасуе мужчыне на прапанаваных фотаздымках – бізнесовец.

«Вось тут, на другім фота ён нібыта вясёлы. Ён усміхаецца, але па ўсім відавочна, што ён сам па сабе і ўсё ў яго пад кантролем. Гэта бізнесовец», – кажа маладая дзяўчына, што чытае ў парку кніжку, якую ўвосень выпусцілі французскія журналісты пра былога прэзідэнта Франсуа Алланда пад назвай «Прэзідэнт не павінен гэтага гаварыць» (Un président ne devrait pas dire ça).

Кіраўнік Беларусі

На выкрыццё сакрэту фотаздымкаў і інфармацыю, што чалавек на фота – кіраўнік Беларусі, рэакцыя была ва ўсіх прыкладна аднолькавая – цікавасць і здзіўленне.

«Праўда? Гэта Лукашэнка?»,

«Ой, я так і думала, што гэта нейкі палітык, але не ўзгадала, хто»,

«Так, так, я ведаю такога, але па фота ніколі б не пазнала»,

«Ой, прэзідэнт… Ну тады б цікава было б папіць з ім кавы».

Вераніка Ўладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў