Хто больш атрымаў ад беларуска-кітайскага сяброўства?

video

Узаемная павага, шматвекавое сяброўства ды стварэнне супольнасці адзінага лёсу – гэта запэўніванні з дэкларацыі аб давяральным усебаковым партнёрстве і ўзаемавыгадным сяброўстве, пад якой свае подпісы ў Пекіне паставілі Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзінь Пін.

«Кожны раз пра новыя вышыні, пра новыя перспектывы. Сёння гэтыя словы зусім фальшыва гучаць, бо, калі лічыць дасягненнем тое, што беларускі экспарт у Кітай з пачатку года ўпаў амаль у пяць разоў, то тады давайце папляскаем у ладкі. Але гэта горкая іронія, бо насамрэч валіцца наш гандаль з Кітаем, а кітайцы, між іншага, добра прасоўваюць свае інтарэсы ў Беларусі», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Па выніках мінулага года Кітай увайшоў у тройку лідараў гандлёвых партнёраў нашай краіны. Таваразварот склаў больш за $ 3 300 000 000, і ¾ – гэта імпарт з Паднябеснай. Па выніках гэтага года адмоўнае сальда яшчэ больш павялічыцца, бо моцна патаннелі калійныя ўгнаенні, якія Беларусь пастаўляе ў Кітай. Але сёння палітыкі не ашчаджалі на цёплых словах.

«За апошнія два з паловай дзесяцігоддзі ў адносінах з Кітайскаю Народнаю Рэспублікай мы дасягнулі самай даверлівай і адкрытай не толькі размовы, але і адносінаў», – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Абяцаем усім, абяцаем усяго

Апроч кіраўніка Кітаю, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з цэлым шэрагам высокіх пасадоўцаў Паднябеснай, якіх запэўніў, што Кітай можа разлічваць на спрыянне нашай краіны ў пытанні прасоўвання сваіх інтарэсаў у Еўропе.

«Калі казаць пра Беларусь як пра магчымую пляцоўку доступу на еўрапейскія рынкі, то тут Лукашэнка адназначна перабольшвае. У Беларусі няма нават пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з Еўразвязам. І тут, калі штосьці вырабляць, усё адно трэба сутыкацца з тымі ж тарыфамі, з якімі сутыкаецца сам Кітай», – звяртае ўвагу палітолаг Алесь Лагвінец.

Атрымаць дывідэнды ад сяброўства з Беларуссю Пекін можа ў іншых сферах

«Так ці інакш, Кітай хоча мець групу краінаў-сатэлітаў, васалаў, якія б падтрымлівалі Кітай на міжнароднай арэне. Голас Беларусі ў ААН. Зразумела, што кіраўніцтва і Кітаю, і Беларусі маюць аднолькавае бачанне пытання правоў чалавека, пытання дэмакратыі», – упэўнены Алесь Лагвінец.

Дзе ж выгада Беларусі?

Тое ж падтрыманне на геапалітычнай арэне, кажуць эксперты, але ўжо не ў выпадку спрэчак з найбліжэйшым саюзнікам – Расеяй.

«Кітайцы, яны хітрыя і прагматычныя, і надта яны з Масквой задзірацца не будуць праз Беларусь», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Афіцыйнаму Менску ў гэтай сітуацыі застаецца хіба што хваліцца вялікай колькасцю падпісаных дакументаў ды спрабаваць узняць ранг візіту хоць бы ўручэннем Сі Цзінь Піну новазаснаванага ордэну «За ўмацаванне міру і сяброўства».

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары