Хроніка пратэстаў недармаедаў у Беларусі. Інтэрактыўная мапа


*Калі мапа не адлюстроўваецца каррэктна, глядзіце мапу па спасылцы 

Цягам апошняга месяца ў Беларусі адбываюцца пратэсты супраць Дэкрэта № 3. Сёлета на вуліцы актыўна сталі выходзіць людзі ў рэгіёнах. Не абыходзіцца без жорсткай рэакцыі з боку дзяржавы. Belsat.eu сабраў на мапе Беларусі ўсе маршы недармаедаў, што адбыліся. Хроніка пратэстаў будзе аднаўляцца.

Бабруйск, 9 красавіка. 

Акцыю дазволілі мясцовыя ўлады. Удзельнікі мітынгу патрабавалі «безапеляцыйнай» адмены дэкрэту № 3, правядзення свабодных выбараў і стварэння новых працоўных месцаў.

Менск, Дзень Волі 25 сакавіка.

25 сакавіка а 14-гадзіне ў Менску павінна была распачацца акцыя – марш недармаедаў і святкаванне Дня Волі. Але свята не атрымалася. Улады жорстка разганялі людзей, не даючы сабрацца разам. Па падліках праваабаронцаў, адбылося каля 700 затрыманняў. Большасць з затрыманых адпусцілі пасля некалькіх гадзінаў у РАУСах. Астатнія атрымалі штрафы і содні.

Папярэдне ўлады затрымалі палітычных лідараў, якія бралі ўдзел у арганізацыі : Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Некляева.

Берасце, Горадня, Віцебск ды Гомель, 25 сакавіка 

У рэгіёнах Дзень Волі прайшоў больш спакойна, хоць і тут не абыйшлося без затрыманняў. У Горадні акцыя была дазволеная ўладамі, тут прайшоў афіцыйны мітынг, дзе зачыталі і прынялі рэзалюцыю, выступілі актывісты. Прысутнічала каля 200 чалавек.

У Віцебску акцыя прайшла ў шчыльным атачэнні АМАПу. Пасля акцыі былі затрыманыя журналісты.

У Гомлі на плошчы сабралася некалькі соцень людзей. Пасля акцыі былі затрыманыя мясцовыя актывісты, а таксама журналісты.

У Берасці акцыя таксама была дазволена ўладамі. Каля 1000 асобаў прайшлі шэсцем, а потым зладзілі мітынг. Па выніках мітынга была прынятая рэзалюцыя.

Слонім, 19 сакавіка

На маршы недармаедаў у Слоніме 19 сакавіка адбылося надзвычайнае : старшыня гарвыканкаму Алег Таргонскі выйшаў на плошчу да людзей і ўзяў слова. Ён паабяцаў, што ўлады гатовыя да канструктыўнага, спакойнага дыялогу.

Аднак, адразу пасля мірнай акцыі невядомымі ў цывільным быў скрадзены арганізатар акцыі, мясцовы актывіст Віктар Марчык, а здымачная група «Белсату» затрыманая.

Па тэме:

Баранавічы, 19 сакавіка

Нягледзячы на затрыманні мясцовых актывістаў, на плошчу Леніна выйшла некалькі дзсяткаў чалавек. Акцыя не засталася незаўважнай. 

«Такое адчуванне, што ў нашай любімай міліцыі сёння мітынг, таму што іх напэўна больш чым нас сёння», – кажуць удзельнікі пратэсту.

Раніцай перад акцыяй быў затрыманы мясцовы актывіст Рыгор Грык.

Лунінец, 18 сакавіка

У Лунінцы на цэнтральнай плошчы гораду 18 сакавіка сабралася некалькі дзесяткаў чалавек. У акцыі не было арганізатараў, і людзі проста распавядалі адзін аднаму пра свае праблемы. Па перыметры плошчы за імі сачылі некалькі дзесяткаў міліцыянтаў, у двары стаяў аўтазак.

Пасля акцыі быў затрыманы актывіст Аляксандр Неўдах.

Менск, 15 сакавіка

Каля 50 затрыманых атрымалі ад 12 да 15 содняў арышту пасля чарговага маршу недармаедаў у Менску. Невядомыя ў цывільным хапалі людзей пасярод вуліцы, на прыпынках грамадскага транспарту. Пацярпелі нават тыя, хто ніяк не ўдзельнічаў у акцыі.

У шэсці ўдзельнічала каля 3000 чалавек. Сярод іх вылучыўся Уладзь Сташкевіч, грамадскі актывіст, які нёс у калоне чырвона-зялёны сцяг. Верагодна, упершыню ў гісторыі Беларусі на акцыі пратэсту супраць палітыкі ўладаў суседнічалі два сцягі – афіцыйны і бел-чырвона-белы. Гэта павінна было стаць маркерам, што на пратэсты – 2017 выходзіць нашмат больш шырокае кола людзей, чым на традыцыйныя апазіцыйныя акцыі.

Наступная акцыя ў Менску адбудзецца 25 сакавіка, у Дзень Волі. Па ўсёй краіне працягваецца “хапун”. 25 і 26 сакавіка на вуліцы таксама пойдуць жыхары абласных цэнтраў.

Магілёў, 15 сакавіка

Жорсткія затрыманні адбыліся пасля акцыі ў Магілёве. Невядомыя зацягвалі людзей у машыну, не менш за 8 чалавек. Абураныя беларусы спрабавалі адбіць мітынгоўцаў, але дарма.

Каля 500 чалавек у Магілёве пратэставалі без відавочнага лідара. Прамаўлялі мясцовыя жыхары. Да людзей выйшаў дэпутат Ігар Марзалюк і пагадзіўся, што дэкрэт аб сацыяльным утрыманстве далекі ад дасканаласці, але цалкам адмяняць яго не трэба. Выступ яго перарывалі абураныя мітынгоўцы.

Горадня, 15 сакавіка

15 сакавіка абласныя гарады зноў выйшлі разам з Менскам. І разам з Менскам пацярпелі ад “хапуну” пасля акцыяў.

Мітынг у Горадні быў забаронены гарадскімі ўладамі, але яны самі туды з’явіліся. Намесніца старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша выйшла да пратэстоўцаў і запрасіла ўдзельнікаў акцыі ў актавую залю гарвыканкама, на што тыя адказалі, што пойдуць толькі пасля вызвалення палітычных вязняў, у тым ліку, затрыманых у Маладзечне палітычных лідараў.

Каля 1000 чалавек прайшлі ад парка Жылібера шэсцем да плошчы Леніна. Людзі крычалі «Жыве Беларусь!», «Ганьба!» і абяцалі ў наступны раз прыйсці з віламі.

Напярэдадні марша ўлады ўсталявалі камеры назірання на дрэвах. А пасля акцыі невядомыя ў цывільным затрымалі трох маладых людзей у масках, а таксама актывіста партыі АГП у Горадні Аляксандра Лаўрэнцьева.

Рагачоў, 12 сакавіка

На цэнтральнай плошчы Рагачова сабралася каля 400 асобаў. Прыйшло шмат людзей сталага ўзросту, людзі патрабавалі мяняць усіх : ад кіраўнікоў калгасаў да кіраўніка краіны.

Прадказальна чыніліся перашкоды журналістам. Здымачная група “Белсат” спазнілася даехаць на месца падзеяў праз затрыманне аўта ДАІшнікамі.

Па тэме: 

Ворша, 12 сакавіка

У Воршы 12 сакавіка сабралася больш за 1000 чалавек.

Затрыманні пачынаюць набываць форму сапраўднага палявання на грамадскіх актывістаў ды журналістаў. Здымачная група “Белсату” была затрыманая падчас наўпроставага эфіру, журналістка Кацярына Андрэева атрымала штраф. Штрафы і пратаколы складаюцца на ўдзельнікаў пратэсту і журналістаў  па ўсёй краіне.

Усяго пасля акцыі ў Воршы было не менш за 18 затрыманых.

Пінск, 11 сакавіка

11 сакавіка сталіца Палесся сустрэла самую вялікую акцыю з пачатку 90-х гадоў. Мітынгоўцы патрабавалі не толькі адмены Дэкрэту №3, але і сумленных выбараў. Павышаецца і градус застрашвання з боку ўладаў: упершыню побач з месцам акцыі стаялі аўтазакі. Сабралася каля 400 чалавек.

«Мы на Ўкраіну ездзім шмоткі купляць, а там вайна, разумееце?», – кажа ўдзельніца пратэсту.

Маладзечна, 10 сакавіка

Каля 1000 мясцовых жыхароў выйшлі ў Маладзечна пратэставаць супраць Дэкрэта № 3. Напярэдадні, мясцовыя ўлады перакрылі плошчу нібыта дзеля рамонту, але пасля агароджу прыбралі.

На акцыі ў Маладзечне прысутнічалі палітыкі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч. Пасля акцыі іх усіх затрымалі і асудзілі на адміністрацыйны арышт. Анатоль Лябедзька веў прамую трансляцыю падчас свайго затрымання.

Берасце, 5 сакавіка

У Берасці каля 1000 чалавек выйшла на вуліцы гораду з бел-чырвона-белымі сцягамі, патрабуючы пераменаў у эканамічнай палітыцы ўладаў, справядлівых выбараў, працы і нармальнага заробку.

Пасля шматлікіх акцый у Берасці, гарвыканкам даў дазвол на правядзенне мітынгу у цэнтры гораду 25 сакавіка. Берасцейцаў нават запрасілі на сустрэчу з кіраўніцтвам гораду і дэпутатамі гарадскога Савету дэпутатаў.

Баранавічы, 26 лютага

Акцыя ў Баранавічах 26 лютага сабрала каля 400 асобаў.

У гэты дзень па ўсёй краіне на вуліцы выйшла каля 7 тысячаў чалавек. Паўсюль – незадаволеннасць палітыкай уладаў ды жаданне пераменаў. Даведзеныя да адчаю беларусы едуць на акцыі ў раённыя цэнтры з іншых гарадоў, суседніх мясцовасцяў.

«Муж працуе, але гэта датычыць маёй сямʼі. Муж другі месяц сядзіць без працы, бо на прадпрыемствах кіраўнікі не могуць закупіць матэрыялы! Дзеці былі ІП, іх задушылі падаткамі!», кажа ўдзельніца пратэсту ў Баранавічах.

Бабруйск, 26 лютага і 12 сакавіка

Да абласных цэнтраў далучаюцца раённыя гарады. У Бабруйску каля 400 чалавек удзельнічалі ў першай акцыі пратэсту недармаедаў 26 лютага. Праз два тыдні, 12 сакавіка, адбыўся новы марш, які сабраў ужо каля 1000 чалавек на плошчы Леніна.

Напярэдадні запланаванага маршу ўлады Бабруйска абнеслі плотам. плошчу перад гарвыканкамам. Але гэта не перашкодзіла пратэстоўцам. “Бабры не рабы!” – неслі людзі плакат, крычалі “Баста!”, “Сыходзь!” і “Разам мы сіла!”. Людзі сабраліся на плошчы, нягледзячы на пагрозы, напрыклад, звальнення і адлічэння студэнтаў.

Берасце, 19 і 26 лютага

На наступны дзень пасля сталічнага маршу, у Берасці таксама выйшлі на вуліцу людзі, сабралася каля 100 чалавек. Першая акцыя была сціплай, але ўжо праз тыдзень, 26 лютага, удзельнікаў было ўтрая больш. Да таго ж, Берасце стаў горадам, дзе людзі сталі выходзіць на вулічныя акцыі ці не кожны тыдзень.

Магілеў, 19 лютага

У Магілёве на першы марш недармаедаў прыйшло каля 300 чалавек. Акцыя была несанкцыянаваная гарадскімі ўладамі. Штрафамі за адміністрацыйныя правапарушэнні былі пакараныя арганізатары. Недармаеды прайшліся па пешаходнай вуліцы Ленінскай да плошчы Зорак. Людзі выказывалі абурэнне дэкрэтам № 3 і іншымі праявамі палітыкі ўладаў. У акцыі прымаў удзел лідар Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька. Пазней, у Маладзечне, яго арыштуюць.

Віцебск, 19 і 26 лютага

Рух недармаедаў у рэгіёнах набірае моц. Пратэсты ў Віцебску таксама пачаліся з некалькіх соцень чалавек 19 лютага. Наступная акцыя, 26 лютага, сабрала на плошчы каля 3000 чалавек.

Тут жа адбыліся і першыя мэтанакіраваныя затрыманні грамадскіх актывістаў. Віцебскія міліцыянты адразу пасля акцыі затрымалі Таццяну Севярынец за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці.

 «Самае каштоўнае для мяне было тое, што людзі самі арганізаваліся. Я проста сама прыйшла як грамадзянка», – сказала на гэта Таццяна.

Гомель, 19 лютага

Праз дзень да Менска далучыліся ўсе абласныя гарады. Самая масавая акцыя адбылася ў Гомлі, дзе сабралася ад 3 да 4 тысячаў чалавек.

Працэсія з бел-чырвона-белымі сцягамі дайшла да плошчы Леніна, дзе выступілі палітыкі і актывісты. Людзі скандавалі «Не дэкрэту №3 – Лукашэнка ухадзі!», а таксама «Жыве Беларусь!».

Горадня, 19 лютага

Акцыя ў Горадні была самай нешматлікай – каля 100 чалавек. Яны прайшлі цэнтральнай вуліцай гораду на знак пратэсту супраць Дэкрэту № 3.

 «Гары ён гарам гэты дэкрэт! Разам з прэзідэнтам нашым і нашай уладай. Я прыйшоў сюды адстойваць свае правы: права на свабоду выбару, на свабоду дзеянняў. Жонцы прыйшоў «ліст шчасця» нядаўна. Я напрыклад, не хачу, каб мая жонка працавала. Я сам нас забяспечваю. Няхай сочыць за хатняй утульнасцю. Гэта нашае права», – кажа адзін з пратэстоўцаў.

Менск, 17 лютага

А пачалося ўсё з Менску. Супраць так званага падатку на дармаедства на Кастрычніцкую плошчу ў Менску выйшла некалькі тысячаў чалавек. Адзін з апазіцыйных лідараў Мікола Статкевіч паставіў уладам ультыматум : адмяніць абуральны для беларусаў дэкрэт № 3.

Людзі крычалі «Жыве Беларусь!» і «Сыходзь» у адрас кіраўніка краіны, палілі лісты ад падатковай на прыступках Міністэрства па падатках і зборах. Міліцыя ніяк не перашкаджала акцыі, хоць арганізатары не прасілі дазволу на яе правядзенне.

Але супрацоўнікі МУС нядоўга захоўвалі дэмакратычнае стаўленне да пратэстоўцаў. Як толькі пратэст недармаедаў набярэ моцы па ўсёй краіне, улады распачнуць жорсткія рэпрэсіі.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары