Храналогія будоўлі «Поедем, поедим». Як «незаўважна» паўставала рэстарацыя?


Belsat.eu адсачыў хаду падзеяў вакол рэстарацыі ля Курапатаў, каб разабрацца з чаго ўсё пачалося ды чаму не было пратэстаў падчас будоўлі (ці ўсё ж былі?).

Цягам трох месяцаў ідзе супрацьстаянне вакол рэстарацыі «Поедем, поедим». Усё – праз месца знаходжання, ля ўрочышча Курапаты, дзе з 1937 па 1941 г. расстралялі ад 30 да 250 тыс. асобаў.

Акрамя месца народнага мемарыялу ёсць яшчэ ахоўная зона. На якой і знаходзіцца частка гэтай рэстарацыі, таму ў народзе гэты будынак клічуць «рэстарацыя на костках».

Прыдарожны сэрвіс → «Бульбаш-хол» → «Паедзем.Паядзім». Як змяншалі ахоўную зону і змяняліся ўладальнікі тэрыторыі

12 траўня 2004 г. падпісаная пастанова Мінкульту, паводле якой заходняя мяжа ахоўнай зоны Курапатаў ахоплівае тэрыторыю на адлегласці 120 м ад урочышча.

Далей да ўсходняй мяжы тэрыторыі АЗС, ішла «Зона рэгуляванай забудовы» (тут нельга было будаваць ніякія аб’екты, якія павялічылі б грузавы паток аўта)

Адзначым, што гэтая пастанова мела статус часовага дакументу.

«Яшчэ ў 2002 г. быў распрацаваны праект ахоўнай зоны Курапатаў, дзе прапісвалася, што ахоўная зона – 300 метраў і гэты праект быў ухвалены ў навуковай радзе ў 2003 годзе. Але ў выніку Мінкульт зацвердзіў іншы праект, які ня быў ухвалены навуковай радаю. То-бок адбыўся падлог», – сцвярджае актывістка Ганна Шапуцька

28 лістапада 2005 г. Мінкульт адхіляе эскіз аб’екту прыдарожнага сэрвісу на 51-м кіламетры МКАД, падрыхтаваны архітэктарам А.А.Шчэпіла

Заключэнне Міністэрства Культуры па праектнай дакументацыі ад 28 лістапада 2005 г.

Замовіла гэты эскіз тагачасны ўладальнік тэрыторыі – Іна Лебедзева.

У дакуменце было прапісана размясціць вакол аб’екту непразрыстую шчытавую агароджу, а з боку Курапатаў – укласці насыпны вал з зялёнымі насаджэннямі.

Нягледзячы на забарону Мінкульта, так званыя «зялёныя насаджэнні» усё ж з’явяцца.

«Лебедзева ўжо тады хацела рвом і лесам адгарадзіць, аддзяліць, «замазаць» Курапаты. Як і многія думалі, магчыма, яна падстаўная асоба», – кажа актывіст Эдуард Пальчыс

Іна Лебедзева

1 жніўня 2006 г. Мінкульт узгадняе эскіз аб’екту прыдарожнага сэрвісу, аўтар якога ўжо іншы архітэктар – В.А.Маеў.

15 лістапада 2007 г. райвыканкам ухваляе з ІП Лебедзевай дамову арэнды на выкарыстанне тэрыторыі прыблізна 0,84 га.

«Пасля гэтага і пачалося будаўніцтва аб’екту. З самага пачатку будаваўся не прыдарожны сэрвіс, а рэстарацыйна-забаўляльны комплекс. А Іну Лебедзеву, на маю думку, выкарыстоўвалі як падстаўную асобу. Падчас майго інтэрв’ю з ёй у мяне склалася ўражанне, што яна мела фармальнае дачыненне да гэтага будаўніцтва», – кажа гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын

У 2008 годзе пракладаюцца камунікацыі, ідуць будаўнічыя працы, гэта вельмі добра відаць паводле спадарожнікавых здымкаў Google Earth.

Здымак 13.07.2008 г. Google Earth

2 верасня 2009 г. рэгіструецца фірма СТАА «БелРэстІнвест»

Меней, чым праз 3 месяцы гэтая фірма падпіша з ІП Лебедзевай дамову куплі-продажу. У выніку гэтага да СТАА «БелРэстІнвест» пяройдзе права арэнды на тэрыторыю ля Курапатаў.

«Я перакананы на 100%, што гэтая фірма была спецыяльна створаная для пачатку ўжо другога этапу – адкрыцця рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу, працу якога планавалася распачаць да Чэмпіянату Свету па хакеі 2014 году», – кажа Дзяніс Івашын.

У «БелРэстІнвест» уваходзяць асобы з групы кампаніяў «Наша Рэстаранная Група», якая зарэгістраваная, як ТАА «Белновотекс груп», што з’яўляецца ўладальнікам рэстарацыяў «Паядзем.Паядзім», «The View», «Гранд Кушавель».

У ёй, акрамя Леаніда Зайдэса мае долю і Алла Сурыс, рэзідэнтка Ізраілю.

Алла Сурыс

Па інфармацыі «Нашай Нівы», акцыі кампаніі належаць яе сыну – 46-гадоваму Барысу Сурысу. Сурыс і Зайдэс разам заснавалі кампанію ТАА «МАГ 2000» ва Украіне. Супраць гэта кампаніі вядзецца дасудовае расследаванне: службовыя асобы з кампаніі Сурыс і Зайдэса падазраюцца ў нанясенні стратаў украінскай дзяржаве памерам у 20 тыс. долараў.

«Атрымліваецца, што спачатку яны хацелі, каб па дакументах уладальнікам была ІП Лебедзева, але потым нешта пайшло не так і яны перааформілі на «БелРэстІнвест». Пазней яны паўтарылі гэты трук у траўні 2017 году, калі зноў перааформілі абʼект на кампанію ТАА «Амізбел», – заўважае Эдуард Пальчыс

28 снежня 2009 г. Іна Лебедзева прадае маёмасць кампаніі «БелРэстІнвест», уладальнікам якой з’яўляецца Леанід Зайдэс.

Фота з асабістай старонкі Леаніда Зайдэса ў Facebook

Са змяненнем уладальніка маёмасці, працы прыпыняюцца дзесьці на 1,5 гады. Пра што сведчаць усё тыя ж здымкі з Google Earth.

Здымак 9.04.2009 г. Google Earth
Здымак 24.09.2010 г. Google Earth

У 2011 годзе працы працягваюцца і набіраюць даволі хуткі тэмп.

Здымак 29.05.2011 г. Google Earth
Здымак 30.07.2012 г. Google Earth

Улетку 2012 года тэрыторыя комплексу значна пашырылася да 1,2 га. З’явіліся домікі для адпачынку і ўжо добра бачныя тыя «зялёныя насаджэнні», якія Мінкульт забараніў ствараць у 2005 годзе.

25 лістапада 2012 г. Мінкульт дае адказ на запыт актывістаў, дзе сцвярджаецца пра выяўленыя парушэнні пры будаўніцтве і яго спыненне.

27 лістапада 2012 г. Генпракуратура выдае прадстаўленне, дзе пазначае, што будаўніцтва кампаніяй СТАА «БелРэстІнвест» аб’ектаў у ахоўнай зоне Курапатаў было незаконным.

Намеснік генпракурора прапанаваў прыцягнуць да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці прадстаўнікоў «БелРэстІнвесту», а таксама шэраг чыноўнікаў Менаблвыканкаму і Менрайвыканкаму.

Представление Генпрокуратуры РБ от 27.11.2012 г.
Представление Генпрокуратуры РБ от 27.11.2012 г.
Представление Генпрокуратуры РБ от 27.11.2012 г.

«Менавіта гэты дакумент цалкам засведчыў і паказаў незаконнасць усяго гэтага будаўніцтва. Разам з тым дзяржаўныя органы прадэманстравалі поўную адсутнасць рэакцыі па кантролі за выкананнем сваіх жа рашэнняў», – кажа Дзяніс Івашын

27 снежня 2012 г. Менаблвыканкам даручае «БелРэстІнвесту» да 1 лютага 2013 году падрыхтаваць праект па перанясенню самавольна ўзведзеных аб’ектаў.

«У 2012 годзе была паслядоўнасць: Мінкульт, пракуратура, потым агульны сход і Менаблвыканкам. Атрымліваецца, што не тры, а ўжо чатыры разы ўлада кажа пра тое, што «БелРэстІнвест» павінен прыбрацца з тэрыторыі Курапатаў», – сказаў актывіст, Эдуард Пальчыс

Пратакол Менаблвыканкаму ад 27 снежня 2012 г.

28 снежня 2012 г. Мінрайвыканкам дазваляе распрацоўку горадабудаўнічага праекту дэталёвага планавання тэрыторыі, прылеглай да Курапатаў.

5 студзеня 2013 г. Намеснік старшыні Мінаблвыканкама даслаў ліст Генпракуратуры, што ў сувязі са звальненнем з працы «не ўяўляецца магчымым» прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці начальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінаблвыканкама В.С Крэсц’янчыка.

Менавіта ён узгадніў генплан будаўніцтва «Бульбаш-холу».

23 красавіка і 16 траўня 2013 г. намеснікі міністра культуры напісалі лісты жыхарцы Менску Таццяне Колышавай, дзе паведамляюць, што Мінкульт пракантралюе вынясенне аб’ектаў «Бульбаш-холу» з ахоўнай зоны Курапатаў.

Але гэткія абяцанні, як і шэраг іншых, на жаль не спраўдзіліся.

27 лістапада 2013 г. На паседжанні Мінкульту прыняты праект, які ўдвая паменшыў ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 метраў.

«Яны не павінныя былі гэта рабіць так цынічна, бо існавала прадстаўленне Генпракуратуры. Фактычна межы ахоўнай зоны прайшлі па плоту «Бульбаш-Холу», – кажа актывістка, Ганна Шапуцька

Будаўніцтва забаўляльнага цэнтру было ўзаконенае, знос пабудоваў не адбыўся.

Уладальнікі рэстарацыі легалізавалі месцазнаходжанне пабудовы постфактум, пасля парушэння закону аб ахоўных межах!

Чаму не было пратэстаў пасля незаконнага змянення межаў?

Пасля 19 снежня 2010 г. вельмі шмат актывістаў трапілі за краты на 3 гады. Шмат хто проста не хацеў свяціцца, а тыя хто мог рабілі гэты шляхам папяровай барацьбы.

«Барацьба ішла дакументальна-судовая, праз дакументы, праз звяртанне. Было шмат палітзняволеных, шматлікія арганізацыі былі разгромленыя і вектар увагі не быў дастаткова накіраваны на гэту праблему. Мала было ўвагі СМІ і медыяў», – сказаў актывіст, Эдуард Пальчыс

У 2017 годзе была паспяховая абарона Курапатаў. Тады актывісты спынілі будаўніцтва бізнес-цэнтру ў ахоўнай зоне мемарыялу. Ва ўсіх было спадзяванне, што канфлікт з будоўляй рэстарацыі вырашыцца сам па сябе.

«Тады была ілюзія, што яны неяк замарозяць, перапрададуць, перапрафілююць, музей зробяць, але гэтага не адбылося. Чыноўнікі пачалі выступаць, там нават Лукашэнка некалькі разоў казаў, што давайце пакінем месца ў спакоі, і БРСМ і нават вайсковая частка, якая разганяе мітынгі сюды прыязджалі», – кажа актывіст Зміцер Дашкевіч

На дадзены момант пратэсты ля рэстарацыі працягваюцца. Нядаўна, адзін з уладальнікаў рэстарацыі, Леанід Зайдэс зладзіў прэс-канферэнцыю, якая больш нагадвала брыфінг.

Зайдэс не адказваў на пытанні журналістаў, але распавёў, што кампанія гатовая ўзаемадзейнічаць са ўсімі грамадскімі актывістамі і арганізацыямі, якія нацэлены на рашэнне пытання ў Курапатах.

Акрамя гэтага ён заявіў, што ён не намераны зачыняць рэстарацыю і што «мы не будзем весці перамовы з шантажыстамі».

 

Падчас прамовы ён узгадаў, што ў 2012 годзе яны звярталіся ў Мінкульт, дасылалі ліст з прапановай фінансавання мемарыялу. На наступны дзень Міністэрства культуры дало адказ, што нічога яны не атрымлівалі.

ВР, belsat.eu

Стужка навінаў