Душ, паесці, пераначаваць. Як ратуюць бяздомных у маразы


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Новы год пачынаецца з моцных маразоў – у асобных рэгіёнах Беларусі, паводле прагнозаў, чакаецца да мінус 30-ці. Заставацца на вуліцы больш за 20 хвілінаў дактары не рэкамендуюць. Але як быць тым, для каго вуліца і ёсць домам?

У такія маразы працаўнікі Цэнтру сацыяльнай дапамогі Партызанскага раёну сталіцы ездзяць па горадзе і дапамагаюць людзям без пэўнага месца жыхарства.

«Дапамогу аказалі 156 грамадзянам, усе яны атрымалі гарачую ежу і абралі сабе патрэбнае цёплае адзенне. 12 чалавек змясцілі ў шпіталь, бо ім была патрэбная медычная дапамога», – кажа Іна Малыгіна, намесніца дырэктара Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Ежу і вопратку ахвяруюць жыхары гораду і розныя арганізацыі – царква, Чырвоны Крыж, прыватныя фірмы. Дапамагаюць бяздомным і ў Гомлі.

«Арганізуем пункты абагрэву асобаў без пэўнага месца жыхарства, – кажа Валянціна Раманцова з Чырвонага Крыжа ў Гомлі. – Тут яны могуць абагрэцца, атрымаць цёплую гарбату, цёплую ежу».

Пункт дапамогі, які арганізуе гомельскі Чырвоны Крыж, будзе працаваць штодня да другой гадзіны ночы.

У такія маразы бяздомнікаў завозяць у дом начнога перабывання, дзе яны могуць прыняць душ, паесці ды пераначаваць.

У Менску такі дом ёсць на вуліцы Ваўпшасава, застацца тут можна і даўжэй, чым на адну ноч, прычым абсалютна бясплатна – але спачатку трэба прайсці медагляд і дэзынфекцыю. Разлічаны дом на 100 месцаў, але дырэктар дому Павел Залатухін запэўнівае, што на вуліцы ніхто не застанецца – калі не будзе месцаў тут, знойдуць ложак у іншым месцы.

«Прадастаўляецца койка-месца, сродкі гігіены, ежа за кошт спонсараў, рэчы, – кажа Залатухін. – Дапамагаем уладкавацца на працу, аднавіць дакументы, разабрацца з налічэннем пенсіі».

Праўда, заставацца ў доме можна толькі ўвечары і ноччу – маецца на ўвазе, што ўдзень бяздомны мусіць шукаць працу, але калі на вуліцы моцны мароз, жыхарам дазваляюць заставацца ў доме і ўдзень.

«Вось сёння дазволілі застацца, у мароз, але хай бы далі хоць адзін дзень адаспацца, – кажа жыхарка дому Алена Астапук. – Мне 76 год будзе зараз. Цэлы дзень – куды падзецца?».

Што праўда, засяліцца ў такі дом пагаджаюцца не ўсе – бо пускаюць туды толькі цвярозых грамадзянаў, і праносіць з сабой алкаголь катэгарычна забаронена.

«Часта мы бачым бяздомнікаў або людзей, якія проста маральна згубіліся, якім трэба дапамагчы і падтрымаць, у двары ці на прыпынку грамадскага транспарту, – кажа намесніца старшыні камітэту працы і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму Ірына Дудка. – Я заклікаю менчукоў і гасцей сталіцы – не праходзьце міма, звяртайцеся ў нашыя тэрытарыяльныя цэнтры».

У Менску існуе кругласутачная крызісная лінія, па тэлефоне 367-32-32 можна пакінуць заяўку, і спецыялісты прыедуць і дапамогуць бяздомніку. Таксама ў кожным горадзе можна звярнуцца ў Чырвоны Крыж.

Настасся Храловіч

Стужка навінаў