«Хочаце, каб было па-беларуску? Размаўляйце па-беларуску!»: Анісім пра мову на этыкетках тавараў

video

Ці мы пабачым беларускамоўныя этыкеткі на айчынных таварах?

Беларускамоўныя назвы на прадуктах – рэдкасць. Прычына ў тэхнічным рэгламенце Мытнага саюзу. Цяпер расейская мова ў вонкавым аздабленні беларускай прадукцыі абавязковая, а беларуская дадаецца пры асаблівым жаданні вытворцы, як дапаўненне.

Неўзабаве ў парламенце разгледзяць пытанне зменаў у закон «Аб абароне правоў спажыўцоў».

Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання, якое займалася падрыхтоўкай праекту, лічыць, што абавязковае дадаванне беларускай мовы на ўпакоўкі немэтазгоднае, бо прынясе вытворцам дадатковыя кошты і нават страты.

Дэпутатка і намесніца старшыні Таварыства беларускае мовы Алена Анісім у каментары «Белсату» выказала меркаванне, што прычыны Міністэрства гандлю не дадаваць беларускае мовы на этыкеткі надуманыя.

«Для таго, каб былі прынятыя меры ў закон »Аб абароне спажыўцоў« трэба добра сфармуляваць праўкі і трэба штодня карыстацца беларускай мовай усім тым, хто хоча абараніць свае правы.

Міністэрства кажа, што не хоча ўводзіць інфармацыю на беларускай мове, бо гэта нібыта падвышае кошт тавараў. Але можна прывесці ў прыклад замежныя фірмы, якія пастаўляюць у Беларусь тавары, нават таннейшыя, чым беларускія аналагі, але пры гэтым яны ўтрымліваюць не адну, а некалькі моваў, у тым ліку і беларускую.

Гэтыя надуманыя прычыны сведчаць толькі пра тое, што насамрэч многія вытворцы беларускіх тавараў не паважаюць свайго спажыўца», – кажа Алена Анісім.

Журналісты «Белсату» распыталі менчукоў, ці хацелі б яны бачыць беларускую мову на этыкетках айчынных прадуктаў.

«Я толькі за тое, каб усё было напісана па-беларуску», – кажа мужчына.

«Гэта было б больш лагічна чытаць надпісы па-беларуску ў Беларусі, чым па-расейску», – мяркуе жанчына.

«Калі б этыкеткі былі па-беларуску, мне б было прыемней», – выказваецца мінак.

«Мне б было невыгодна, я больш па-расейску размаўляю. Але было б добра, каб было і так і гэтак», – кажа малады хлопец.

Больш адказаў у відэа.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары