Хочаш адрамантаваць двор за свае грошы? Нельга!


Гарадзенец Аляксандр Спірыдонаў вядзе папяровую «вайну» з чыноўнікамі ды не дае замяніць зялёныя клумбы на паркоўкі. Вуліца Міра ў Горадні не тое, каб элітны раён, але ва ўсялякім выпадку не апошні. Брукаваная вулачка, від на Нёман і старыя замкі па тым баку. І толькі ў дварах паваенных «сталінак» не сціхаюць жарсці…

Жыхар дому на вуліцы Міра, 8 Аляксандр Спірыдонаў вырашыў не чакаць, як большасць, планавых рамонтаў і ўзяць справу ўпарадкавання двара ў свае рукі. Замовіў праект коштам у чатыры з паловай мільёны, а з ім ужо пайшоў у ЖЭС. На праекце – ідэальны двор: з лавачкамі, клумбамі, кветкамі, сушкамі для бялізны, велапаркоўкамі і інш.

Аказалася, аднак, што не ўсё так проста. На рэканструкцыю двара, нават за свае грошы, патрэбная згода іншых жыхароў. Тут і пачаліся рознагалоссі. Частка, няхай і меншая, запатрабавала …скараціць зялёную зону і зрабіць замест яе паркінг. Каб машыны, маўляў, не на вуліцы стаялі, а пад вокнамі, пад пільным наглядам. Пры гэтым свайго плану з бачаннем двара апаненты Спірыдонава не падрыхтавалі і чакаюць планавага рэмонту.

«Двор павінен быць для людзей, а не для машын, – скардзіцца Аляксандр, – не для сабак ці алкаголікаў – а для дзяцей, якім зараз і пагуляцца няма дзе».

Сапраўды, адзіная «пясочніца» у двары – гурбы перавернутай камунальнікамі зямлі пасля чарговых рэмонтаў… Але добраўпарадкаваць двор на свой страх і рызыку жыльцы не спяшаюцца. Па законе, за кожную самавольна разбітую клумбу прадугледжаны штраф. Кожную паперку трэба сагласоўваць у межрайгазе ды цепласетках, маўляў, а раптам пад клумбай апынуцца камунікацыі?

«Я лічу, што дзяржаве не выгадныя кветкі каля дамоў, – лічыць Аляксандр, – ёй выгадны асфальт, які паклаў і забыўся. А за кветкамі ж дагляд патрэбен, лішнія рэсурсы…»

Для справядлівасці варта адзначыць, што двор на вуліцы Міра 7-8 і без таго адрозніваецца ад суседніх: тут больш зеляніны, а машыны не стаяць на газонах. Аляксандр Спірыдонаў усміхаецца і дае зразумець, што за месцы для парковак у двары раней даходзіла да боек, таму спакой амаль што «куплены крывёю». Такім чынам, для рэканструкцыі свайго ж двара перад дзяржаўнымі інстытуцыямі варта яшчэ прабіцца праз інэрцыю сваіх жа суседзяў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў