Хлопцы, якія ўзнялі расцяжку на судзе над графіцістамі: Нам здаецца, мы заўжды такімі будзем


Сёння, 29-га студзеня, а 14:30 у Фрунзенскім раённым судзе Менску працягнецца працэс над графіцістамі. Belsat.eu паразмаўляў з актывістамі, якія не пабаяліся публічна выступіць у абарону абвінавачаных.

Збітыя міліцыянтамі актывісты Павал Сяргей і Максім Шыцік не чакалі такога брутальнага выніку з-за расцяжкі ў судзе над аўтарамі беларускіх патрыятычных графіці. Палітызаваная «справа графіцістаў» вынесла ў галоўныя навіны герояў, якія да гэтага самі мала імкнуліся ў святло ўсеагульнай увагі.

З прыхільнікамі руху «Пошуг» мы сустрэліся за дзень да працягу працэсу над іх трыма сябрамі-«графітыстамі» Максімам Пякарскім, Вячаславам Касінеравым і Вадзімам Жаромскім.

Актывісты Павал Сяргей і Максім Шыцік, якія ўзнялі расцяжку ў судзе над аўтарамі графіці «Беларусь мае быць беларускай», жывуць у Маладзечне. У Менск прыехалі забіраць пастанову суда. Яны плануюць абскардзіць прысуды ў 50 базавых велічыняў (Br 10,5 млн) і ў 45 (Br 9 млн 450 тыс.) за «непавагу да суда» ды «непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы».

Хоць я выглядаю не нашмат старэйшай, хлопцы звяртаюцца на «Вы», трымаюцца выхавана ды старанна-ветліва адказваюць на пытанні інтэрвю.

«Партбосам» станавіцца не хацеў

Павал апрануты ў світшот патрыятычнага брэнду «Працуй пільна!», на поясе – шабета брэнду «LSTR». На прыдалоннях – татуіроўкі з гербам «Калюмны» і надпісамі «Вольнаму воля», «Смелым перамога». Іх набіваў графіціст з мастацкай адукацыяй Максім Пякарскі. Павал кажа, што ў яго яшчэ шмат наколак на нацыяльную ды экалагічную тэмы.[/vc_column_text][vc_single_image image=”97988″ img_size=”large”][vc_column_text]Патрыятычныя татуіроўкі Паўла[/vc_column_text][vc_column_text]Яму 23. Як і ў ягонага сябра, падсуднага Вячаслава Касінерава, Паўлавы бацькі разведзеныя: «Я рос у няпоўнай сям’і. Збольшага мяне выхоўвала маці, якая шмат працавала», – расказвае хлопец.

Павал адслужыў у войску. Цяпер працуе прамысловым альпіністам.

У 2009-ым годзе ў Маладзечне, проста на вуліцы, ён пазнаёміўся з лідарамі «Маладога фронту» Настай Палажанкай і Змітром Дашкевічам. Тыя былі ў горадзе на так званым «агітрэйдзе»: ляпілі налепкі, раскідвалі газеты з улёткамі.

«Я быў у тусоўцы панк-рокераў, чытаў Крапоткіна і Бакуніна, трымаўся лібертарыянскіх поглядаў (лібертарыянства – палітычная філасофія, у аснове якой ляжыць забарона на «агрэсіўны гвалт»). Было пачуццё пратэсту, юнацкага бунту. «Малады фронт» быў адным з нямногіх месцаў, дзе можна было сябе праявіць», – узгадвае Павал.

«Малады фронт» быў трамплінам для сталічных і рэгіянальных апазіцыянераў розных пакаленняў. Павал Сяргей «партбосам» станавіцца не хацеў. Палітычная кар’ера з візітамі ў Брусель, прыёмамі ў амбасадах, балатаваннем на выбарах з прадказальным вынікам не стасавалася з ягоным характарам.

Пасля войска ён знаходзіць хлопцаў з групы «Пошуг» ды далучаецца да іх.

У 12 гадоў пачаў чытаць кнігі па беларускай гісторыі

Максіму Шыціку 21 год. Адразу кідаецца ў вочы чырвона-сіні крывападцёк на правым павеку і разбітае брыво – сляды збіцця ў судзе.

Хлопец вучыўся ў Беларускім інстытуце правазнаўства на юрыста-палітолага на завочным аддзяленні, аднак з-за «фінансавай запазычанасці» не скончыў. Цяпер афіцыйна беспрацоўны.

«У год 12 пачаў чытаць кнігі па гісторыі і нацыянальнай сімволіцы Беларусі, – кажа Максім. – З часам мой настрой перацёк у радыкальны».

Інцыдэнт у судзе Фрунзенскага раёну Менску – першае затрыманне хлопца. Ягоны бацька да «баявога хрышчэння» паставіўся спакойна:

«Ён разумее маю пазіцыю. З мамай каторы дзень не магу нармальна паразмаўляць. Ну, мамы – яны такія…»

Анархічны рух мае быць з нацыянальным падмуркам

Павал расказвае, што касмапаліты сярод лібертарыянцаў з’явіліся толькі ў другой палове ХХ стагоддзя. Па сваёй сутнасці анархічны рух мае мець нацыянальны падмурак.

Ён знаёмы з удзельнікамі вельмі блізкай паводле ідэалогіі супольнасці «Автономний Опір» са Львова, якія таксама бароняць нацыянальныя каштоўнасці.

На старонках «Пошугу» ў сацыяльных сетках выкладзена пару сотняў фотаздымкаў: збор смецця ў лесе, графіці, бел-чырвона-белы сцяг, шпакоўні з пакункаў ад соку, расклееныя на слупах улёткі. Калі ў кадры ёсць чалавек, ягоны твар замазаны.

Пошуг – значыць выбліск святла

Пошуг – значыць выбліск святла ці агню. Гэтае слова з’яўляецца ў «Падручным расійска-крыўскім слоўніку» Вацлава Ластоўкага. «Як пошуг маланкі» – дакументальны фільм «Белсату» з такой назвай пра моладзевы антысавецкія супраціў шырока прэзентаваўся ў 2010 годзе.

Стужка заснаваная на рэальных падзеях. Героі, пра якіх распавядае стужка, – маладыя людзі, якія займаліся вельмі падобнай да сённяшняга «Пошугу» дзейнасцю: тайна друкавалі і распаўсюджвалі ў 1950-ых гадах улёткі з заклікамі змагання супраць акупантаў-камуністаў.

Акцыя ў судзе – крык душы

Пра расцяжку «Не палітычным пераследам!» Павал кажа: «Гэта не акцыя, а хутчэй крык душы. Мы не рыхтаваліся да гэтага неяк адмыслова доўга».

Наступствы ўчынку сталі нечаканасцю для іх саміх, прызнаецца Максім. «Шчыра, я быў шоку, што ў залі суда на вачах рэпарцёраў гэтак пабілі. Канешне, мы разумелі, што нас затрымаюць. Мы думалі, што нам скруцяць рукі ды адвязуць у міліцыю, але каб класці тварам у падлогу…», – узгадвае хлопец.

Павал лічыць, што суд за графіці – толькі нагода, каб спыніць рух. У матэрыялах крымінальнай справы «Пошуг» фігуруе як «глыбока заканспіраваная» структура, якая «распальвае нацыянальную варажнечу».

Такія фармулёўкі ў Паўла і Максіма выклікаюць усмешку. Як і заўвага пра тое, што шмат тых, хто ў маладосці тусаваўся ў такіх асяродках, з узростам адыходзілі ад пратэставай актыўнасці: «Нам здаецца, мы заўжды такімі будзем. А як там яно насамрэч…»

Х.М., belsat.eu, фота аўтаркі

Стужка навінаў