«Хлопцы ваююць за пуцінскія грошы, а ФСБ іх прыкрывае». Як працуе «ЧВК Вагнэра», да якой належыў беларус Ярашэвіч


Belsat.eu распавядае, дзе канкрэтна і пры якіх абставінах загінуў беларус Аляксей Ярашэвіч, а таксама тлумачыць, як працуе сакрэтная групоўка расейскіх наймітаў.

Сёння ёсць падставы сцвярджаць: 42-гадовы гамяльчук Аляксей Ярашэвіч загінуў у Сірыі, дзе ваяваў у складзе расейскай прыватнай кампаніі пад камандаваннем былога падпалкоўніка спецназу ГРУ Дзмітрыя Уткіна, пазыўны «Вагнэр» (далей – «ЧВК Вагнэра»).

19 верасня – у дзень смерці Ярашэвіча – галоўны інфармацыйны партал «Ісламскай дзяржавы» Amaq Agency размясціў фота чатырох забітых мужчын з кароткім подпісам «Расейцы, не падобныя да кадравых, найміты».

Пазней у шэрагу суполак у сацыяльных сетках распаўсюдзілі той жа фотаздымак, называючы чалавека на фота Аляксеем Ярашэвічам. У рэдакцыі belsat.eu ёсць фота без рэтушы, на якім добра бачна характэрную форму носа і броваў забітага. Параўнаўшы з фота Аляксея, зробленым пры жыцці, мы ўбачылі, што рысы твару вельмі падобныя.

Аляксей Ярашэвіч

Пераход праз Еўфрат і штурмавікі, пра якіх маўчыць Мінабароны

Паводле зводак Мінабароны Расеі, 19 верасня сітуацыя выглядала наступным чынам: войска Асада пры падтрымцы расейскіх дарадцаў і авіяцыі ВКС РФ фарсіравала раку Еўфрат і прасунулася ў населены пункт Дэйр эз-Зор.

Блізкі да сірыйскіх уладаў рэсурс Al-Masdar паведамляў, што аперацыю праводзілі «Паляўнічыя на ІДзіЛ» ці «ISIS Hunters» – нібыта элітнае падраздзяленне асадаўскага войска. Як высветліла валанцёрская суполка Conflict Intelligence Team і тэлеканал РБК, шкаленнем «паляўнічых» займаліся расейцы з «ЧВК Вагнэра».

У той жа дзень узброеная група спрабуе прарвацца далей на ўсход ад Дэйр-эз-Зора, на тэрыторыю падкантрольную баевікам ІД. Гэта адлюстравана на мапе, што аднаўляецца ў рэжыме онлайн і акумулюе твіты з усяго інтэрнэту.

Натуральна, ніякіх расейскіх штурмавых брыгад там, паводле афіцыйнай версіі Мінабароны, быць не магло. Але як раз паміж горадам Хушам, занятым асадаўцамі і паселішчам Ат-Табійя, якое кантралююць джыхадысты, удзень 19 верасня пры спробе прарыву былі ліквідаваныя чацвёра байцоў славянскай знешнасці, сярод якіх апынуўся і беларус.

У iх на шыі – адметныя асабістыя жэтоны. Звычайна на жэтоне кадравага вайскоўца ёсць нумар з шасці лічбаў і надпіс «Узброеныя сілы Расеі». Але на металічных пласцінках у забітых не пазначаная прыналежнасць да краіны, а толькі літара «М» і чатыры лічбы.

На пачатку кастрычніка Служба бяспекі Украіны апублікавала сабраныя выведкай дадзеныя датычна «ЧВК Вагнэра»: ва ўсіх байцоў структуры, уключаючы кіраўніцтва, жэтоны выглядаюць менавіта такім чынам.

Гэтыя факты амаль не пакідаюць сумневу: Аляксей Ярашэвіч быў «жаўнерам удачы» «Вагнэра».

Расейскія вайскоўцы ў Сірыі. Фота – Russian Defence Ministry Press Office/TASS

У гэтым таксама не сумняецца Бонда Дароўскіх – вядомы расейскі прадпрымальнік, які ў 2014 годзе пад уплывам прапаганды паехаў ваяваць супраць Украіны, але расчараваўся, і потым неаднаразова выступаў з публічнай крытыкай расейскіх уладаў.

«Я Ярашэвіча не ведаў, але магу дакладна сказаць – калі ен загінуў у Сірыі, то гэта вагнэравец. У Сірыі няма іншых расейскіх ЧВК», – адзначыў у размове з belsat.eu Дароўскіх, у якога з часоў Данбасу засталося шмат знаёмых сярод вагнэраўцаў.

Паводле Дароўскіх у «Вагнэра» ваююць не толькі расейцы, але і ўкраінцы з беларусамі. Прычым беларусы адзначыліся ў ЧВК як «добрыя спецыялісты».

«ЧВК Вагнэра» дзейнічае з 2014 году. Спецслужбы Украіны сцвярджаюць, што вагнераўцы датычныя да знішчэння ўкраінскага самалёта Іл-76 на Данбасе, удзельнічалі ў штурме Луганскага аэрапорту і баях за Дэбальцава. У Сірыі вагнераўцы адзначыліся пры штурме Пальміры ў сакавіку 2016 году і шэрагу іншых аперацый. Паводле СМІ, мінімальная стаўка для шарагоўца ў «ЧВК Вагнэра» – каля 250 тыс. расейскіх рублёў (больш за 4.300 USD), але з рознымі бонусамі гэтая лічба можа дасягаць 450 тыс. (больш за 7.800 USD). Асобна прадугледжаны выплаты параненым і сваякам забітых.

Фота – sof-mag.ru

«Асноўная прычына – грошы». Шлях тыповага «вагнэраўца»

Антон Барысенка з Уладзівастоку прайшоў тэрміновую службу ў марскім спецназе. У 2015 годзе паехаў на трэніровачную базу «Вагнэра» ў Молькіна Краснадарскага краю і праз тры месяцы яго даслалі на Данбас, у Пескі, дзе тады адбываліся найбольш жорсткія баі.

«Пасля заключэння кантракту, копію мне не далі і нікому не выдавалі на рукі. Усе бачылі іх цягам 15 хвілін, пакуль падпісвалі. Кіраўніцтва і тыя, хто вышэй, у твар і па прозвішчах нас не ведалі. Але нам было вядома, што «Вагнэра» з Генштабу грэюць і курыруюць», – распавёў Барысенка карэспандэнтцы belsat.eu.

На пытанне, што матывавала 26-гадовага хлопца пайсці ў найміты, той адказвае: «Асноўная прычына – грошы».

Ён сцвярджае, што за штурм Песак атрымаў 280 тысяч расейскіх рублёў (4850 USD). Пасля заканчэння актыўнай фазы вайны на Данбасе, «вагнэраўцы» накіраваліся ў Сірыю.

«Байцоў у ЧВК каля 1500. Ёсць і ў Дамаску, і ў Хаме, і ў Латакіі ды Алепа. Усе раскіданыя па ротах. Камандзір майго ўзводу загінуў пры штурме Пальміры, адарвала нагу, таму мяне перавялі на ягоную пасаду», – гаворыць Барысенка.

Ацэнкі колькасці наймітаў адрозніваюцца. Паводле расейскай «Новай газеты» цяпер у «ЧВК Вагнэра» уваходзіць некалькі тысячаў чалавек, падраздзяленне ўключае ў сябе артдывізіён і танкавую роту. Служба бяспекі Украіны сцвярджае, што агулам колькасць «ЧВК Вагнэра» дасягае 5 тыс. чалавек.

Ордэн ад Пуціна – пасмяротна

Досвед удзелу ў вайне на Данбасе мае значная частка сённяшніх байцоў «Вагнэра». Пасля таго, як актыўная фаза ваенных дзеянняў на паўднёвым усходзе Украіны завяршылася, баевікоў пераарыентавалі на абарону рэжыму Башара Асада ў Сірыі. У Сірыю пасля Данбасу паехаў і расеец Аляксей Саўко (пазыўны «Мэмфіс»).

Аляксей Саўко

«Мы пазнаёміліся, калі набіраліся на данбаскую вайну, – распавядае belsat.eu яго таварыш Святаслаў Голікаў, – Няма вялікай таямніцы ў тым, што значная частка добраахвотніцкіх батальёнаў фармавалася ў Растоўскай вобласці фактычна ў выглядзе «прыватных ваенных кампаніяў» (то бок падраздзяленняў расейскіх наймітаў – заўв. рэд.). У адным з такіх – батальёне «Степь» – у чэрвені 2014 года мы з «Мэмфісам» і пазнаёміліся».

Пасля лета 2014-га «Мэмфіс» яшчэ некалькі разоў заходзіў на тэрыторыю Украіны ў складзе розных расейскіх падраздзяленняў, а восенню 2015 года адправіўся ў Сірыю ў складзе «ЧВК Вагнэра».

Святаслаў Голікаў на Данбасе

«Я дакладна не ведаю, як ён апынуўся ў «Вагнэра», – распавядае Голікаў, – Але пасля таго, як мы ўжо патрапілі ў гэтую сістэму збору добраахвотнікаў па лініі ЧВК летам 2014-га, нейкія завязкі ў хлопцаў былі – выйсці на патрэбных людзей не было праблемай».

Голікаў распавядае, што заробак байцоў у «Вагнэра» ў Сірыі быў прыкладна ў два разы вышэй, чым у расейскіх наймітаў на Данбасе.

«Нічога дрэннага ў гэтым няма: у арміі афіцэры і кантрактнікі таксама атрымліваюць надбаўкі за ўдзел у баях. А тут фактычна – неафіцыйнае падраздзяленне ўзброеных сілаў Расеі, якое выконвае небяспечныя задачы. Але Лёша ня быў з тых, хто тупа пайшоў за грошы. Калі радзіма плаціць за выкананне задачы – гэта выдатна. Але гэта не галоўны фактар. Проста гэтая праца яго захапіла», – распавядае Голікаў.

У сакавіку 2016 года «ЧВК Вагнэра» ўдзельнічала ў штурме Пальміры і падчас гэтых баеў 28-гадовы «Мэмфіс» быў забіты. Пасмяротна Пуцін узнагародзіў яго і яшчэ шэраг вагнэраўцаў ордэнам Мужнасці.

«Я адмовіўся, таму што там набіралі мяса»

Байцы «ЧВК Вагнэра» звычайна ня раздаюць інтэрв’ю і не пазіруюць у сацыяльных сетках са зброяй. Поўная сакрэтнасць асобна агаворваецца і прапісваецца ў кантракце пры прыёме ў кампанію.

Расеец Павел Ш. раней ваяваў на Данбасе на баку сепаратыстаў, а вясной 2017 года знаходзіўся ў Молькіна, але ў адрозненні ад іншых пра базу вагнэраўцаў казаць можа – у апошні момант кантракт ён падпісваць адмовіўся. Пра тое, як выглядае база наймітаў ён згадзіўся распавесці belsat.eu.

База «ЧВК Вагнера» размешчана ў Молькіна на тэрыторыі 10-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ГРУ. Каб трапіць да «Вагнэра» патэнцыйны найміт павінен прайсці некалькі КПП, прычым выпадковаму чалавеку туды трапіць немагчыма – толькі праз асабістыя знаёмствы і папярэднія дамоўленасці.

«У Молькіна ні ў якім разе нельга казаць, што едзеш у «ЧВК Вагнэра» – паміж сваймі іх так ніхто не называе. На КПП ты кажаш, што ты ў «кампанію». Яны выклікаюць спецыяльнага чалавека, той пытае, адкуль даведаўся пра «кампанію», правярае дакументы. Калi усё нармальна, то ты праходзіш далей. Калі праходзіш усе КПП – бачыш мужыкоў, якія моцна адрозніваюцца ад звычайных вайскоўцаў, у іх іх форма і машыны пясочнага колеру, усе з бародамі», – распавядае Павел.

Афіцэрскія званні ў ЧВК не згадваюцца. Ёсць толькі групы і камандзіры груп. Вагнэраўцы звяртаюцца адзін да аднаго па пазыўных, імёны называць не прынята нават пры размове шарагоўцаў паміж сабой (часцей за ўсё імёны проста не ведаюць). Дадатковыя роспыты ня вітаюцца, выклікаюць падазрэнне.

Фота – Die Welt

Патрабаванні да патэнцыйных наймітаў досыць простыя: замежны пашпарт на руках, адсутнасць запазычанасцяў (крэдыты, штрафы і г.д.) і добрая фізічная форма. Пажадана таксама мець досвед баявых дзеянняў – ветэранаў Данбасу, напрыклад, бяруць па спрошчанай праграме.

«Калі кантракт падпісаў, то шляху назад няма. А калі ты падпісаў, а потым зразумеў, што гэта не тваё, то можаш проста не вярнуцца, як нам сказалі. Я так зразумеў, што проста ў спіну страляюць», – распавядае Павел.

Сам Павел хацеў трапіць у «ЧВК Вагнэра» у якасці снайпера, але ў Молькіна набіралі толькі байцоў штурмавых брыгад.

«Я адмовіўся падпісваць кантракт, таму што там проста набіралі мяса. У штурмавікоў 70% страт – гэта нармальна. У вагнэраўцаў у канцы 2016-пачатку 2017 года ў Сірыі палягло каля 300 чалавек. Праз вялікія страты ў ЧВК паднялі аплату – з 250 тысяч да 350 тысяч рублёў (6 тыс. USD)», – кажа Павел.

Па словах Паўла, вагнэраўцы ў снежні 2016 года прымалі ўдзел у штурме Алепа сумесна з войскамі Башара Асада.

Алепа. Фота – Lars Pehrson / SvD / TT /

«ЧВК Вагнера» патрэбна, каб схаваць расейскія страты і афіцыйна не ўдзельнічаць у наземных аперацыях. Хлопцы ваююць за пуцінскія грошы, ФСБ іх прыкрывае. Наколькі я ведаю – ва ўсіх паралельна ёсць пасведчанні расейскіх вайскоўцаў. Адказнасць яны панясуць толькі калі ў Расеі ўлада зменіцца. А пакуль шмат хто ў Расеі марыць туды патрапіць – там плацяць рэальныя грошы. Я ведаю хлопцаў, якія паваявалі ў «Вагнэра» і цяпер вельмі нядрэнна сябе адчуваюць: у Расеі крызіс, а ў іх дарагая машына і па 2-3 кватэры», – тлумачыць Павал.

На шлях да легалізацыі

Варта адзначыць, што яшчэ 29 снежня 2016 года Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб кароткатэрміновых ваенных кантрактах (да 1 года), які можа быць заключаны, у прыватнасці, у мэтах «спынення міжнароднай тэрарыстычнай дзейнасці за межамі тэрыторыі Расейскай Федэрацыі». Эксперты ацанiлi гэты закон як крок да легалізацыі «ЧВК Вагнэра». Адначасова Дзмітрый Уткін («Вагнэр») быў заўважаны на прыёме ў Крамлі, пазней зʼявілася яго фота разам з Пуціным.

Але пакуль «ЧВК Вагнэра» застаецца па-за межамі закону. Паводле расейскіх СМІ, у найвышэйшым расейскім вайсковым кіраўніцтве цяпер ідзе барацьба паміж прыхільнікамі і праціўнікамі легалізацыі «ЧВК Вагнэра».

Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў