Хлопца, які забіў 12 фазанаў, прысудзілі да трох гадоў турмы


Жыхара Масквы прысудзілі да трох гадоў і месяца зняволення ў папраўчай калоніі за забойства 12-ці фазанаў, у тым ліку, занесеных у Чырвоную кнігу, паведамляе прэс-служба маскоўскай пракуратуры.

Інцыдэнт здарыўся 30 верасня. 21-гадовы Мікіта Кашанцаў залез у вальер з фазанамі ў парку ім. Горкага, знаходзячыся ў нецвярозым стане.

«Кашанцаў па чарзе адлавіў самца і самку «Фазана алмазнага», двух самцоў «Фазана залатога», двух самцоў «Фазана каралеўскага», двух самцоў «Фазана непальскага», двух самцоў «Фазана Свайна» (занесены ў Чырвоную кнігу), а таксама самца і самку «Фазана паляўнічага» і забіў іх», – гаворыцца ў паведамленні маскоўскай пракуратуры.

Малады чалавек прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства «Жорсткае абыходжанне з жывёлінамі з ужываннем садысцкіх метадаў».

У верасні расейскія медыі паведамлялі, спасылаючыся на свае крыніцы ў праваахоўных органах, што фазанаў забіў грамадзянін Беларусі. У паведамленні маскоўскай пракуратуры няма згадак пра беларускае грамадзянства асуджанага.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў