Хлопца, які выбег са сцягам на футбольнае поле, не выпускаюць з турмы


Аляксандра Вянгерскага этапавалі ў Вялейку. Яго чакае новы суд.

Як стала вядома «Белсату», Аляксандра Вянгерскага чакае чарговы суд. Найбольш імаверна, за ўдзел у акцыі на Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня.

Паводле апошняй інфармацыі, якая ёсць у яго сваякоў, замест таго, каб сёння а 9-й увечары выпусціць яго з Барысаўскага РАУС, замест гэтага яго ўжо перавезлі ў Вялейскі РАУС, ён ужо знаходзіцца ў Вялейцы, і заўтра ў яго павінны адбыцца суд, – кажа грамадскі актывіст з Вялейкі Аляксей Сюдак.

Аляксандр Вянгерскі выбег на поле Барысаў-арэны з бел-чырвона-белым сцягам 28 верасня, падчас матчу Лігі Еўропы Батэ–Арсенал. У выніку Барысаўскі раённы суд пакараў 26-гадовага жыхара Вялейкі дзесяццю соднямі арышту.

Другі варыянт: не хацелі, каб яго ў Барысаве сустракалі, але хутчэй за ўсё яго пакідаюць да заўтра для суда, – дадае Сюдак.

Хлапец паспеў распавесці журналістам, што адразу пасля затрымання яго моцна збівалі, у выніку прыйшлося выклікаць хуткую дапамогу. За кратамі Аляксандр трымаў галадоўку ў падтрымку ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.

ДД

Стужка навінаў