Хлопец, які выбег на поле з бел-чырвона-белым сцягам, абвясціў у ізалятары галадоўку


Сюжэт «Абʼектыву» пра затрыманне Аляксандра Вянгерскага

Футбольны заўзятар Аляксандр Вянгерскі, які адбывае арышт у ізалятары часовага ўтрымання ў Барысаве, абвесціў галадоўку ў знак падтрымкі зняволеных, якія зараз знаходзяцца за кратамі.

Праваабаронцам пра гэта паведаміў грамадскі актывіст з Вялейкі Аляксей Сюдак, якому Вянгерскі даслаў ліст.

«Я, Вянгерскі Аляксандр, знаходзячыся в ІЧУ Барысаўскага раёна 5.10. 2017 абвяшчаю галадоўку ў сувязі з тым, што не згодны з артыкулам 23.4 КаАП, паколькі супрацоўнікі праваахоўных органаў давалі розныя паказанні, а аднаго з іх я ўбачыў у залі суда ўпершыню. З майго боку непадпарадкавання і знявагі супрацоўнікаў міліцыі не было», – піша заўзятар у лісце.

Галадоўку хлопец праводзіць у падтрымку ўсіх палітзняволеных, якія зараз знаходзяцца за кратамі.

29 Верасня суд Барысаўскага раёну асудзіў Аляксандра Вянгерскага на 10 содняў адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне законнаму патрабаванне службовай асобы.

У Барысава 28 Верасня падчас матчу паміж футбольнымі камандамі БАТЭ і «Арсенал» на поле выбег заўзятар з бел-чырвона-белым сцягам і з гербам «Пагоня». Яго затрымала ахова стадыёну і вывела з поля. Пазней стала вядома, што затрыманы – жыхар Вялейкі Аляксандр Вянгерскі.

На судзе хлопец распавёў, што пасля затрымання яго ставілі на калені супрацоўнікі АМАПу і білі па нырках, а таксама выклікалі да яго хуткую дапамогу.

НМ, belsat.eu, паводле ПЦ «Вясна»

Стужка навінаў