Хлопец, які выбег на футбольнае поле з б-ч-б, не плануе плаціць БАТЭ € 5000


Аляксандр Вянгерскі мяркуе, што за свае дзеянні ўжо панёс пакаранне.

28 верасня падчас матчу паміж футбольнымі камандамі БАТЭ і Арсенал Аляксандр Вянгерскі выбег на поле з бел-чырвона-белым сцягам. Яго затрымала ахова стадыёну.

29 верасня суд Барысаўскага раёну асудзіў Аляксандра Вянгерскага на 10 содняў адміністрацыйнага арышту за «дробнае хуліганства» і «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы».

На судзе хлопец распавёў, што пасля затрымання яго ставілі на калені супрацоўнікі АМАПу і білі па нырках. Падчас арышту Вянгерскі абвесціў галадоўку ў знак салідарнасці з палітычнымі зняволенымі.

Але на гэтым гісторыя не скончылася. 19 кастрычніка Упраўленне па кантролі, этыцы і дысцыпліне УЕФА аштрафавала футбольны клуб БАТЭ на € 5000. Барысаўскі клуб заявіў, што збіраецца спагнаць гэтыя грошы з Вянгерскага і звярнуўся ў суд.

Сёння стала вядома, што 18 снежня 2017 года суд Вілейскага раёну вынес завочнае рашэнне ў гэтай справе. Суд пастанавіў спагнаць з Аляксандра Вянгерскага суму панесеных страт. Аляксандр на суд не з’явіўся, бо ў канцы мінулага году ён з’ехаў з Беларусі і цяпер жыве за мяжой. Заяўленыя патрабаванні суд задаволіў у поўным аб’ёме. Завочнае рашэнне набыло законную моц 29 снежня 2017 года.

«Я судовага рашэння не бачыў і не магу гэта каментаваць. На дадзены момант я за мяжой, але штраф ніякі аплачваць не думаю. Я ўжо панёс пакаранне за тое што зрабіў», – заявіў Аляксандр Вянгерскі ў размове з Belsat.eu.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў