Хлопец, які напаў з сякерай на пасажыраў цягніка ў Нямеччыне – уцякач з Афганістану


Два тыдні таму яго ўсынавіла сямʼя немцаў.

На пасажыра цягніку паміж гарадамі Тройхтлінген і Вюрцбург у паўночнай Баварыі напаў 17-гадовы хлопец з сякерай, цяжка параніўшы чатырох турыстаў з Ганконгу. Паводле сведкаў, падчас нападу ён крычаў «Алах акбар!». Мясцовы жыхар паведаміў журналістам, што вагон пасля здарэння «выглядаў як бойня».

«Гэта быў жахлівы напад», – кажа міністр унутраных справаў Баварыі Ёахім Херман.

«Выпадкова, зусім праз іншае здарэнне, спецыяльныя сілы паліцыі былі ў Вюрцбургу, яны былі імгненна скіраваныя на пошук злачынцы. Яго знайшлі на беразе Майну ў раёне Хайдынгсфэльд. Нападнік спрабаваў атакаваць сякерай паліцыю, паліцыянты адкрылі агонь. Злачынца памёр ад атрыманых ранаў», – заявіў Ёахім Херман.

Паводле Ёахіма Хермана, падазраваны – 17-гадовы хлопец з Афганістану. Ён прыехаў у Нямеччыну два гады таму і сёлета ў сакавіку папрасіў тут прытулку. Увесь гэты час ён жыў у адмысловым доме для непаўналетніх уцекачоў, а два тыдні таму пераехаў да прыёмных бацькоў.

«The Guardian» са спасылкай на нямецкія ўлады паведамляе, што ў пакоі падлетка знойдзены зроблены ўласнаруч сцяг Ісламскай дзяржавы.

Міністр унутраных справаў кажа, што ісламісцкі матыў паліцыя разглядае як асноўны ў сваім следстве. Паводле Хермана, пакуль няма ніякай інфармацыі пра сувязь нападніка з іншым злачынцамі.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў