Хлопец спаліў аўта бацькі сваёй дзяўчыны, бо той забараніў ім сустракацца


Медыі ўжо назвалі хлопца з Гарадка беларускім Рамэа.

Раніцаю 10 студзеня ў адным з двароў па вуліцы Пралетарскай у Гарадку падпалілі аўта Mazda CX7 42-гадовага мясцовага жыхара. Уладальнік аўтамабіля панёс страту больш, чым на Br 6 тыс. Паводле факту падпалу Упраўленне Следчага камітэту па Віцебскай вобласці распачало крымінальную справу.

Супрацоўнікі Следчага камітэту ўжо ўсталявалі падазраванага. Ім аказаўся 21-гадовы жыхар Гарадку.

Паводле звестак следства, уночы напярэдадні падпалу юнак выпіў і п’яны раз’язджаў па горадзе на аўце сваёй маці.

Менавіта тады ў яго саспеў план падпаліць аўтамабіль бацькі знаёмай дзяўчыны.

Хлопец заехаў на запраўку, дзе адліў у бутэльку частку паліва. Пад раніцу ён з’явіўся каля «Мазды» і выліў бензін на дах машыны, падпаліў яго і сышоў з месца здарэння.

«Нагодай для гэтага з’явіўся забарона бацькі (ўладальніка аўтамабіля. – Заўв. «Белсат») сустракацца з ягонай дачкой», – заяўляе прадстаўніца Следчага камітэту Святлана Сахарава.

Следыя ўжо правялі агляд месца здарэння, апыталі пацярпелага і прызначылі шэраг экспертызаў.

Цяпер праваахоўнікі правяраюць матыў злачынства ды шукаюць відавочцаў падпалу.

Падазраванага адпусцілі пад абавязацельства аб яўцы.

ДД

Глядзі таксама
Каментары