Хлопец адвёў дзяўчыну ў лес, даў ёй наркотык і ўцёк


Юнак спужаўся, калі ягонай знаёмай стала кепска. Цяпер яму пагражае да дзесяці гадоў турмы.

У ліпені ў міліцыю паступіла паведамленне з Менскай абласной клінічнай больніцы, у якую патрапіла 16-гадовая жыхарка Стаўбцоў з прыкметамі наркатычнай перадазіроўкі.

Міліцыянты выявілі, што дзяўчына паехала са сваім знаёмым у лес побач з вёскай Каралёў Стан, дзе знаходзіўся патайнік з псіхатропамі. Хлопец забраў адтуль «закладку», прыняў наркотык і намовіў дзяўчыну таксама прыняць яго. Пасля гэтага ёй стала кепска, а малады чалавек збег.

«Дзяўчыну ў неадэкватным стане знайшлі мясцовыя жыхары, якія перадалі яе медыкам. У шпіталі ёй паставілі дыягназ «перадазіроўка псіхатропнымі рэчывамі», – распавяла афіцыйная прадстаўнічка Менскага РУУС Алена Каралёва.

Міліцыя мяркуе, што хлопец схіліў знаёмую да ўжывання наркотыку, каб выклікаць у яе залежнасць і зрабіць яе кліентам дылера.

Супраць маладога чалавека распачалі крымінальную справу за «схіленне да ўжывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў». Яму пагражае ад трох да дзесяці гадоў зняволення.

ДД

Стужка навінаў