Хлопец, якога на 2 гады асудзілі ў Расеі за салідарнасць з Украінай, – беларускі патрыёт


Маладзёна, якога асудзілі ў Расеі да двух гадоў калоніі-пасялення за надпісы ў сацыяльных сетках «вярнуць Крым Украіне», завуць Кірыла Сілівончык. Ён паходзіць з Гомельшчыны.

Пра гэта «Нашай ніве» распавяла ягоная адвакатка Юлія Баранец. Яна была адзінай, хто прысутнічаў на судзе над ім.

Ані журналістаў, ані сваякоў не было. Апошняе адвакатка тлумачыць тым, што мама і брат беларуса жывуць у вёсцы далёка ад Гомлю.

22-гадовы Кірыла Сілівончык працаваў сістэмным адміністратарам на адным з заводаў у Ніжнім Ноўгарадзе. У снежні мінулага года яго затрымалі і абвінавацілі па арт. 205.2. Крымінальнага кодэксу РФ (публічныя заклікі да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або публічнае апраўданне тэрарызму). У Расеі справы па гэтым артыкуле падпадаюць пад юрысдыкцыю вайсковага суда, нават калі абвінавачаны – цывільная асоба.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Па дадзеных следства, беларус у кастрычніку 2014 года на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» размяшчаў фатаграфіі і рабіў запісы, у якіх выказваў сваё стаўленне да падзеяў на Украіне, заклікаў «забіваць маскалёў», «вярнуць Крым Украіне» і іншае. Сярод фатаграфій і малюнкаў, напрыклад, была такая, дзе ўкраінскі салдат ірве расейскі сцяг і топча герб, падае сайт kriminalnn.ru, прысвечаны крымінальнай хроніцы ў Ніжагародскай вобласці. Рэсурс называе беларуса «смутьяном».

На сёння Кірыла Сілівончык працягвае знаходзіцца ў СІЗА №1 гораду Ніжні Ноўгарад па адрасе: 603009 Нижегородская обл., г. Нижний Новгород, пр. Гагарина, 26а.

На наступным тыдні маюць вызначыць, у якою канкрэтна калонію-пасяленне яго адправяць. Адвакатка адзначыла, што Сілівончык – інвалід трэцяй групы з дзяцінства.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Як можна меркаваць, у судзе Сілівончык выбраў тактыку, якая вяла да мінімізацыі прысуду.

Беларус прызнаў сваю «віну». Гэта дало магчымасць правядзення працэсу ў спрошчаным парадку і паскоранай працэдуры. І, у сваю чаргу, прывяло да максімальна мяккага з магчымых прысудаў. Бо сам артыкул прадугледжвае нават тэрміны да 5 ці 7 гадоў турмы. Як адзначыла адвакатка, Сілівончык не мог разлічваць на ўмоўны тэрмін, бо ён не мае пастаяннага месца жыхарства ў Расейскай Федэрацыі. А ўмоўныя тэрміны ў Расеі могуць атрымліваць толькі асобы з ПМЖ.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Адвакатка адзначыла, што Сілівончык – развітая асоба. У Расею яго прывяла, мусіць, магчымасць большых заробкаў. Аднак душою ён заставаўся на радзіме. У сваім профілі «УКантакце» хлопец часта пісаў па-беларуску, на беларускай мове ён прызнаўся дзяўчыне ў каханні, публікаваў здымкі Пагоні і бел-чырвона-белага-сцяга, патрыятычныя выявы.

Ніякага грамадскага рэзанансу ў Расеі гэтая справа не выклікала. Адвакатка не прыпамінае, каб былі публікацыі ў медыях ці рэакцыя праваабаронцаў.

Чытай больш >>> Асуджанага ў Расеі Кірыла Сілівончыка чакала ў Гомлі дзяўчына

МЯ, belsat.eu, паводле nn.by, kriminalnn.ru

Стужка навінаў