ХК «Берасце» парэкамендавалі прыбраць колеры расейскага сцягу з формы


Пасля звароту Берасцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) у дзяржорганы, хакейнаму клубу рэкамендуюць улічваць спалучэнне колераў формы з акцэнтам на дзяржаўную сімволіку.

Нагадаем, што хакеісты юнацкай (U16) каманды «Берасце» і іхныя супернікі зладзілі бойку на велікодным турніры «Easter Cup 2017» у чэшскім горадзе Мост. Аматары хакею звярнулі ўвагу на выкарыстанне колераў расейскага трыкалору на форме беларускай каманды.

Па факце выкарыстання сімволікі іншай краіны на форме беларускага клубу Берасцейская абласная арганізацыі БСДП звярнулася ў Міністэрства спорту, якое пераадрасавала зварот у Берасцейскі аблвыканкам.

«Мы лічым, што выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі іншай краіны прыводзіць да разбурэння грамадзянска-патрыятычнага выхавання маладога пакалення ў Беларусі і наносіць шкоду іміджу нашай краіны, а таксама не адказвае інтарэсам дзяржавы ды не спрыяе фармаванню пазітыўнага вобразу дзяржавы за мяжой» – каментуе сітуацыю старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.

З адказу аблвыканкаму вынікае, што ўлады (як і кіраўніцтва хакейнай каманды) не ўбачылі на форме сцяга чужой краіны, а спалучэнне колераў тлумачаць дызайнам формы.

«Кіраўніцтву дзяржаўнай установы ХК «Берасце» парэкамендавалі ўлічваць варыянты спалучэння колераў, з акцэнтам на дзяржаўную сімволіку Рэспублікі Беларусь у наступных распрацоўках дызайну хакейнай формы. Мы спадзяемся, што такой ганьбы для краіны мы больш не ўбачым», – дадае Ігар Маслоўскі.

CA, belsat.eu

Стужка навінаў