«Хісткая хада і неадэкватныя паводзіны»: менская міліцыя апублікавала відэа жорсткага затрымання хлопца ў метро


На сайце ГУУС Менгарвыканкаму зʼявілася відэа, на якім маладзёна жорстка затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі. Аматарскае відэа ўскалыхнула сацсеткі. Цяпер міліцыя прадставіла сваю версію падзей.

Паводле прэс-службы міліцыі, 27 траўня дзяжурны атрымаў інфармацыю пра хуліганскія паводзіны маладога чалавека на «Кастрычніцкай».

У паведамленні адзначаецца, што «паводле ўсіх прыкметаў хлопец быў у стане алкагольнага апʼянення: хісткая хада і неадэкватныя паводзіны, слабае арыентаванне».

На відэа бачна, як юнак забягае на эскалатар, круціцца вакол парэнчаў, і збягаючы збівае мужчыну. Ужо ўнізе яго чакае міліцыянт, які просіць яго прайсці з ім да выхаду. Пад руку яны едуць разам у вестыбюль. На версе юнак адмаўляецца выходзіць і пачынае вырывацца. На дапамогу міліцыянту прыходзяць іншыя супрацоўнікі міліцыі.

ГУУС Менгарвыканкаму паведамляе, што хлопец пачаў супраціўляцца, калі яго спрабавалі завесці ў пакой міліцыі. Пры гэтым ён ударыў міліцыянта так, што той атрымаў закрыты пералом костак носа.

Пасля таго, як хлопца даставілі ў пакой міліцыі, яго адвезлі ў аддзяленне таксікалогіі лякарні хуткай меддапамогі. Спярша яму паставілі дыягназ «Алкагольнае апʼяненне, наркатычнае атручанне», пазней дыягназ удакладнілі – «Алкагольнае атручванне».

На затрыманага распачалі крымінальную справу за гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі.

Паводле міліцыі, 19-гадовы мянчука неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці: за дробнае хуліганства, распіванне спіртных напояў і знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, дробны крадзеж, парушэнне абавязкаў па воінскаму ўліку. У лютым сёлета суд Фрунзенскага раёну Менску прысудзіў яму 240 гадзінаў грамадскіх работ за крадзеж. Маладзён стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Кастрычніцкага РУУС сталіцы.

Гэта не першы выпадак жорсткага збіцця ў метро, калі міліцыянтам даводзіцца апраўдвацца за свае дзеянні. Паўтары гады таму на станцыі метро Уручча міліцыянты збілі сляпога, а пасля заявілі, што той аказаў супраціў іх дзеянням. У навагоднюю ноч у Менску міліцыянты стралялі ў спіну няўзброенаму чалавеку. А ў сераду ў Лунінцы п’яны супрацоўнік міліцыі здзейсніў ДТЗ. Ад пачатку года гэта ўжо трэці выпадак, калі міліцыянтаў затрымліваюць за кіраванне аўтам у п’яным стане. Але замест адстаўкі міністра Шуневіча, найвышэйшае кіраўніцтва МУС захоўвае маўчанне.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў