Аляксандр Гелагаеў Хатынь – падвойнае злачынства. Гісторыя, якую варта помніць

гісторык, вайсковы аглядальнік

Хатынскі звон. Фота Andrew Prochorevich

22 сакавіка спаўняецца 75 год трагедыі Хатыні – беларускай вёскі, якая была спаленая нямецкімі карнымі войскамі разам з жыхарамі. Яна стала сімвалам пакутаў беларускага народу падчас Другой сусветнай вайны.

Завязка

Ранкам 22 сакавіка 1943 паміж Плешчаніцамі і Лагойскам савецкімі партызанамі была пашкоджаная нямецкая тэлефонная сувязь. Для аховы сувязістаў, якія павінны былі аднавіць спалучэнне, былі адпраўленыя два звязы першай роты 118-га паліцэйскага батальёна пад камандаваннем капітана паліцыі Ханса Вёльке.

Што такое 118-ы батальён?

Гэта вайскова-паліцэйскае фармаванне, створанае нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на тэрыторыі Украіны. Асновай батальёну сталі палонныя савецкія афіцэры, у тым ліку Рыгор Васюра, які асабіста быў адным з асноўных арганізатараў масавага забойства. У астатнім батальён складаўся прыкладна на 2/3 з савецкіх ваеннапалонных, а на 1/3 з украінскіх нацыяналістаў з Букавіны.

Оскар Дырлевангер у 1944 годзе

Паліцэйскія патрапілі ў засаду, якую арганізаваў партызанскі атрад «Мсцівец» брыгады «Дзядзькі Васі». У выніку Вёльке і двое паліцэйскіх загінулі, некалькі чалавек былі параненыя. Паліцэйскія выклікалі дапамогу. Адначасова адзін з камандзіраў 118 батальёну Васіль Мелешка (былы савецкі камандзір) арыштаваў жыхароў вёскі Казыры, якія рубілі дровы недалёка ад месца засады.

Хутка з Лагойску прыбылі падраздзяленні з асобага палка СС «Дырлевангер», а з Плешчаніцаў – дадатковыя падраздзяленні 118-га батальёну. Арыштаваныя вяскоўцы з Казыроў, вырашылі, што іх будуць расстрэльваць, пачалі разбягацца – па ім адкрылі агонь і забілі 26 чалавек. Астатніх адвялі ў Плешчаніцы і там пасля праверкі вызвалілі.

Што такое асобы полк СС «Дырлевангер»?

Штрафная вайсковая частка ў складзе ваенна-ахоўных фармаванняў Нацыянал-сацыялістычнай працоўнай партыі Нямеччыны. Называлася па імені свайго камандзіра – Оскара Дырлевангера, які сам быў крымінальнікам. Выкарыстоўвалася пераважна ў тыле нямецкіх войск супраць польскіх і савецкіх партызан, адрознівалася масавымі забойствамі мірнага насельніцтва і гвалтам над ім. У пачатку 1943 году складалася з двух батальёнаў, у складзе якіх служыла і шмат былых чырвонаармейцаў.

Савецкія дыверсанты (2 роты) пайшлі ў вёску Хатынь, эсэсаўцы і службоўцы 118 батальёну пайшлі за імі. Бой цягнуўся нядоўга, было забіта 3 партызана. Затым асноўныя сілы партызан адступілі.

Насельніцтва па нейкай прычыне засталося ў вёсцы – магчыма, не спачувала партызанам і не чакала ад немцаў нейкага пакарання. Пераследаваць партызанаў карнікі не сталі.

Злачынства

Калі нямецкія карнікі ўвайшлі ў вёску, яны вырашылі адыграцца за свае страты на мірным насельніцтве, каб такім чынам застрашыць наваколле. Людзей сталі біць, вёску рабаваць, пачаўся гвалт над жанчынамі.

Затым жыхароў сагналі і зачынілі ў хлеве, які падпалілі з некалькіх бакоў. Праз нейкі час дзверы зваліліся, і людзі пабеглі з палаючага будынка. Іх сталі расстрэльваць з кулямётаў, аўтаматаў і вінтовак.

Загінулі 149 беларускіх вяскоўцаў, у тым ліку 75 дзяцей.

Помнік у мемарыяльным комплексе «Хатынь»

Запыт з Менску 1943 году

Ад нямецкіх цывільных устаноў, якія часта рэзка крытыкавалі жорсткасць карнікаў, прыйшоў запыт, што здарылася ў Хатыні, камандзір 118-га батальёну маёр Кернер схаваў злачынства сваіх і дырлевангераўскіх падначаленых:

«Праціўнік аказаў самы ўпарты супраціў з усіх хатаў, так што прыйшлося выкарыстаць цяжкую зброю, такую як супрацьтанкавыя гарматы і цяжкія мінамёты. У ходзе бою разам з 34 бандытамі было забіта шмат жыхароў. Частка з іх загінула ў агні пажару. Асноўная частка жыхароў у любым выпадку яшчэ за некалькі дзён пакінула Хатынь, каб не мець нічога агульнага з бандытамі».

Як так сталася?

Летам 1941 году нямецкія войскі імкліва занялі тэрыторыю Беларусі, не сустракаючы вялікага супраціву з боку мясцовага насельніцтва, у значнай ступені антысавецкі скіраванага. У тыле немцаў савецкія органы распачалі арганізацыю антынямецкага супраціву, які з цягам часу рабіўся ўсё больш моцным па прычыне таго, што нямецкі акупант аказаўся ня лепш за савецкага.

Першымі партызанамі сталі камуністы, супрацоўнікі камуністычных спецслужбаў, савецкія жаўнеры і збеглыя ваеннапалонныя. Але з 1942 і асабліва ў 1943 годзе савецкія партызанскія атрады сталі рабіцца ўсё больш масавымі.

Кроў і попел Дражна, рэпартаж

У значнай колькасці яны раслі ўжо за кошт мясцовага беларускага насельніцтва, бо нацысты не толькі бязлітасна забівалі жыдоўскае насельніцтва і жорстка эканамічна эксплуатавалі Беларусь, але часта адказвалі на савецкія дыверсіі і тэрор масавымі забойствамі, не разбіраючы вінаватых і невінаватых.

Маскоўскае кіраўніцтва не пераймалася праблемамі беларускага насельніцтва – галоўнае было любым шляхам распаліць вайну ў нямецкім тыле.

29 сакавіка камандзір атраду «Мсцівец» маёр Васіль Варанянскі (таксама ўкраінец), спасылаючыся на прыклад Хатыні, паставіў перад кіраўніцтвам пытанне аб тым, каб партызаны не спыняліся ў вёсках, бо вынікам бываюць масавыя забойствы мірнага насельніцтва карнікамі. Аднак гэта ніяк не паўплывала рэальную практыку дзеянняў савецкіх партызан. Варанянскі загінуў у 1943 годзе падчас авіякатастрофы.

З іншага боку і самі савецкія партызаны арганізоўвалі забойствы насельніцтва беларускіх вёсак, калі лічылі гэтыя вёскі «нелаяльнымі». Найбольш вядомыя такія забойствы – Налібокі і Дражна – адбыліся таксама ў 1943 годзе.

Тыя, хто хочуць новай крыві

У апошнія гады тэму Хатыні пачалі актыўна выкарыстоўваць у антыбеларускай і антыўкраінскай прапагандзе. Знешне выказваючы спачуванне беларусам, спрабуюць распаліць нянавісць паміж народамі, згадваючы пры любой нагодзе не батальён Дырлевангера, а толькі толькі «украінскі» 118 батальён, які быццам бы складаўся з «бандэраўцаў».

Гэтак на днях быў прэзентаваны ў Менску надрукаваны на расейскія грошы «навуковы» зборнік «Забойцы Хатыні: 118-ы ўкраінскі батальён ахоўнай паліцыі ў Беларусі».

Аднак галоўным прадстаўніком 118-га батальёну, які ўдзельнічаў у масавым забойстве быў старшы лейтэнант Чырвонай Арміі Рыгор Васюра, які не меў ніякага дачынення да ўкраінскіх нацыяналістаў і быў родам з Усходняй Украіны. Больш за тое, што хоць украінцы і служылі ў 118-м батальёне, але яны былі як раз ворагамі бандэраўцаў. Гэта былі «мельнікаўцы», якія вялі супраць бандэраўцаў амаль сапраўдную падпольную грамадзянскую вайну.

Трагедыя Хатыні не прычына ненавідзець сучасных немцаў ці ўкраінцаў, ці расейцаў. Яна вучыць нас патрэбе захоўваць незалежнасць Беларусі, мець моцную беларускую армію і спецслужбы, якія будуць абараняць беларускі народ супраць любога агрэсара.

Гісторыя Хатыні пераконвае нас у тым, наколькі страшныя вынікі прынцыпа калектыўнай адказнасці, наступствы беззаконня і сваволлі сілавых органаў, палітыкі тэрору і прынцыпу «лес рубяць, шчапа ляціць».

Глядзі таксама
Каментары