Хацеў зэканоміць: закон забараніў французскаму мэру зніжаць заробак


Мэр французскай камуны Сэнт-Обэн Стэфан Дэльпера згодны зарабляць 400 еўраў, але законы патрабуюць, каб атрымліваў не менш за 800 еўраў.

Ён хацеў зменшыць выдаткі адміністрацыі, таму і панізіў свой заробак. Пра гэта распавёў паўтысячы жыхароў сваёй камуны. А таксама пра тое, што чатыром сваім намеснікам зніжае заробкі да 100 еўраў у месяц.

47-гадовы Стэфан Дэльпера, які зʼяўляецца чальцом Рэгіянальнай Рады Аквітаніі і прафесарам у Інстытуце палітычных навук Бардо, палічыў, што ашчаджэнні можна будзе выкарыстаць на лакальныя патрэбы такія, як рамонт дарог.

За кошт «абразання» заробкаў сабе і намеснікам за год атрымалася б зэканоміць 10 тыс. еўраў.

Аднак Дэльпера атрымаў афіцыйны ліст, у якім гаворыцца пра новы закон, які рэгулюе заробкі мэраў гарадоў, у якіх жыве менш за тысячу чалавек. Заробкі павінныя быць як мінімум 800 еўраў у месяц. Мяркуецца, што такі прынцып будзе стымуляваць жыхароў да ўдзелу ў лакальнай палітыцы.

«Гэта гратэск», – так адрэагаваў Дэльпера і дадаў, што каля 30 з 331 мэра дэпартаменту Лянды былі вымушаныя павялічыць сабе заробак.

«Намер нядрэнны, але гэта абсурд у часы, калі ўсіх просяць зацягваць паясы, асабліва лакальныя суполкі. У гэта нельга паверыць, асабліва, калі ўлічыць, што сам мэр не хоча гэтага (большага заробку)», – адзначыў Стэфан Дэльпера.

НМ, belsat.eu, паводле The Telegraph, фотаздымак з Twitter

Стужка навінаў