«Хацелі расстраляць мітынг апазіцыі і справакаваць захоп парламенту». Медыі даведаліся аб дэпартацыі расейцаў з Сербіі


Некалькі грамадзянаў Расеі былі дэпартаваныя з Сербіі за падрыхтоўку тэрактаў у суседняй Чарнагорыі.

Паводле kommersant.ru, у сітуацыю ўмяшаўся сакратар Савету бяспекі РФ Мікалай Патрушаў, які паспрабаваў не дапусціць скандалу ў расейска-сербскіх дачыненнях.

Аб дэпартацыі расейцаў 27 кастрычніка паведаміла бялградскае выданне «Danas», спаслаўшыся на крыніцы, блізкія да ўраду Сербіі. Афіцыйны Бялград не стаў аспрэчваць гэтую інфармацыю, абмежаваўшыся паведамленнем пра «паспяховую супрацу» спецслужбаў Расеі і Сербіі.

Паведамленне аб дэпартацыі расейцаў супала анансаваным прыездам у Бялград Мікалая Патрушава, які сустрэўся 26 кастрычніка з кіраўніцтвам Сербіі. Перамовы прайшлі ў закрытым рэжыме, а мэтай візіту было нібыта падпісанне мемарандуму аб узаемаразуменні ў галіне бяспекі.

Сапраўднай мэтай візіту сакратара Савету бяспекі РФ магло быць урэгуляванне сітуацыі з мэтай не дапусціць расколіны ў расейска-сербскіх адносінах.

Бялград, паводле крыніцаў kommersant.ru, не зацікаўлены ў нагнятанні сітуацыі і з улікам планаў уступлення ў ЕЗ не хоча быць западозраны ў датычнасці да злачынных актаў у суседняй краіне.

16 кастрычніка стала вядома аб затрыманні ў Чарнагорыі 20 грамадзянаў Сербіі. Паводле следства, яны збіраліся расстраляць мітынг апазіцыі, а пасля справакаваць яго ўдзельнікаў на захоп чарнагорскага парламенту.

16 кастрычніка ў Чарнагорыі прайшлі парламенцкія выбары, на якіх атрымала перамогу кіруючая Дэмакратычная партыя сацыялістаў.

ЮВ, belsat.eu, паводле kommersant.ru

Стужка навінаў