Хацелі працу за мяжой: міліцыя шукае махляроў, якія падманулі гарадзенак


Следчы камітэт распачаў дзве крымінальныя справы па факце завалодання чужымі грашыма шляхам падману (ч. 1 арт. 209 Крымінальнага кодэксу Беларусі – прадугледжвае да 3 гадоў пазбаўлення волі).

Пра гэта паведамляе афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

У пачатку кастрычніка дзве беспрацоўныя 26-гадовыя гарадзенкі паведамілі ў міліцыю, што сталі ахвярамі махляроў. Жанчыны знайшлі ў інтэрнэце абвесткі аб працаўладкаванні за мяжой і сталі перапісвацца з «арганізатарам паслугі». За $ 70 з кожнай ён паабяцаў легальную працу ў адной з еўрапейскіх краінаў. Аднак знік, калі яму перавялі грошы.

Праз некалькі дзён з падобнай заявай звярнулася 29-гадовая жыхарка Горадні. Пад выглядам дапамогі ў працаўладкаванні невядомы атрымаў ад жанчыны $ 145.

Усе тры пацярпелыя перавялі грошы ва Украіну.

Следчыя не выключаюць, што тры жанчыны не адзіныя ахвяры махляроў, і заахвочваюць паведамляць пра падобныя парушэнні па нумарах:

8 (0152) 72-41-25, 72-42-41, 72-40-40 або 102

Пазбягаць нелегальных пасярэднікаў

Каб не згубіць свае грошы, следчыя раяць падчас пошукаў працы не карыстацца паслугамі асобаў і арганізацыяў, якія не маюць адносінаў да легальнага рынку працы – асабліва тых, што працуюць праз інтэрнэт і знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў