Харват, які ратуе нямецкіх жанчынаў ад арабаў: «Мару сустрэцца з Пуціным!»


У навагоднюю ноч у Гамбургу, Дзюсельдорфе і Штутгарце групы эмігрантаў атачалі, рабавалі ды гвалцілі ўдзельніцаў вулічных імпрэзаў. Больш за ўсё злачынстваў здарылася ў Кёльне, дзе ахвярамі сталі 500 жанчын. Праз святы паліцыя не давала рады прыняць усе заявы, маўчалі і журналісты. Чалавекам, які распавёў свету пра Кёльн, стаў выкідала Іван Юрчэвіч.

5 студзеня на старонцы ўраджэнца Харватыі і нямецкага грамадзяніна Івана Юрчэвіча ў «Фэйсбуку» з’явілася відэа, дзе ён апісвае, што адбывалося ў навагоднюю ноч каля Кёльнскага сабору. Гэты быў першы моцны голас у гэтай справе, бо нямецкія журналісты не пісалі пра злачынствы ў Кёльне амаль тыдзень. Відэа паглядзяць 5 млн чалавек.

У профілі Юрчэвіча адзначана, што ён «актор, рэжысёр і пісьменнік». Расейская журналістка, якая сустрэлася з Юрчэвічам, піша, што ён зняў некалькі «вытанчаных філасофскіх фільмаў». Найвялікшая мара Юрчэвіча – сустрэцца з Пуціным:

«Я – спартовец, як і ён. Я ўсё жыццё працую ў ахове, на такой працы ты проста абавязаны хутка чытаць твары; Пуцін – адданы чалавек, сапраўдны патрыёт сваёй краіны».

Калі з грашыма цяжка, рэжысёр Юрчэвіч працуе ахоўнікам у начных клубах паводле кароткатэрміновых кантрактаў. На навагоднія святы ён вырашыў уладкавацца ў гатэль «Exelsior», які стаіць насупраць знакамітага сабору. Яго, 198-сантыметровага і 130-кілаграмовага асілка, ахвотна бяруць.

Свята пачалося для Юрчэвіча а 8-ай вечара, калі два араба распачалі бойку каля гатэля і дасталі нажы. Потым яны пачалі прасіць у жанчын з ліку гасцей цыгарэты. Нарэшце падышоў напаўголы парэзаны араб, у крыві, з бутэлькай шнапсу ў руках. Ён стаў лаяцца на гасцей мацюкамі.

«Я пабег да паліцыянтаў і папрасіў, каб яны арыштавалі гэтага араба. Яны адмовіліся. І тут я ўбачыў, як мігранты сталі шпурляць петарды і ракеты прама ў сабор. Я проста прыйшоў у лютасць! Я не рэлігійны чалавек, але сабор – скарб культуры, сусветны здабытак! Потым петарды паляцелі ў людзей! А паліцэйскіх нідзе не відаць. Іх было не больш за 80 чалавек на некалькі тысячаў п’яных людзей», – распавядае Юрчэвіч.

«Потым прыбеглі дзве маладыя спалоханыя дзяўчыны, якія крычалі: «Ратуйце нас! За намі гоняцца арабы!». З’явіліся арабы і зараўлі: «Гэта нашыя жанчыны! Яны належаць нам!». Яны паспрабавалі мяне атакаваць. Добра, што я прафесійны кікбаксёр. Прыйшлося біць іх нагамі. Яны заявілі: «Мы вернемся і забʼем цябе». Я ім адказаў: «Вазьміце талончык і ўстаньце ў чаргу. Тут шмат людзей хочуць мяне забіць», – прыгадвае ахоўнік.

Міністр юстыцыі Нямеччыны Хайка Маас заявіў, што масавыя атакі могуць аказацца не выпадковымі, але загадзя скаардынаванымі дзеяннямі.

Юрчэвіч лічыць, што ўсё больш празаічна:

«Эмігранты суткамі сядзяць у лагерах, дзе ў іх ёсць сняданак, абед і вячэра. Ім раздалі коміксы пра тое, як паводзіць сябе ў грамадстве. Яны сядзяць так паўгода, грошай у іх няма, смяротная нуда, жанчын няма, тэстастэрон гуляе. І тут Новы год. Пацаны думаюць: трэба неяк святкаваць».

Адзіным чалавекам, які пакуль панёс адказнасць за тое, што адбылося ў навагоднюю ноч у Кёльне, стаў шэф кёльнскай паліцыі, якога адправілі на пенсію.

Ужо больш за 75 тыс. чалавек пагрукаліся да Юрчэвіча ў сябры на «Фэйсбуку».

Папулярнасць, якая звалілася на выкідалу, павінная дазволіць яму пераключыцца з філасофскіх стужак на нармальныя баевікі. У харвацкіх медыях Юрчэвіча ўжо называюць «Бондам, Іванам Бондам».

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары