Хаўруснікі высаджваюцца ў Менску. Да чаго прывядзе «нармандскі фармат»?


Фармат паслязаўтрашняй менскай сустрэчы, якую актыўна абмяркоўвалі ў Бруселі, усцяж працягваюць называць «нармандскім». Бо першыя перамовы ў тым жа складзе – Пуцін, Парашэнка, Мэркель і Алянд адбыліся ў мінулым чэрвені падчас святкавання 70-цігоддзя высадкі саюзніцкіх войскаў у Нармандыі. Іронія лёсу і гульня словаў! Бо слова «нармандскі» у галовах большасці еўрапейцаў асацыюецца, найперш, з вайсковаю аперацыяй, здольнаю хутка пакласці канец вайне.

За сталом у Бруселі – міністры замежных справаў краінаў – чальцоў Еўразвязу і галоўная тэма – Менск. У сераду да нас прыедзе квартэт Парашэнка – Пуцін – Мэркель – Алянд. Прымаць лёсавызначальныя рашэнні адносна крызісу на Данбасе. Сёння ж міністры паглыбіліся ў бягучую сітуацыю на вайне ды пашырылі чорныя спісы расейскіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Еўразвяз. Санкцыі задзеюць 16-га, праз тыдзень.

Фактычна міністры зацвярджаюць сёння пастанову, ужо прынятую дыпламатамі краінаў-чальцоў ЕЗ на мінулым тыдні – пра занясенне ў «чорныя спісы» некаторых прадстаўнікоў выканаўчай улады Расеі, якія працуюць у абароннай галіне, дзвюх прадстаўнікоў Дзяржаўнае думы, а таксама 14-ці сепаратыстаў на Данбасе, якіх падтрымлівае Крэмль.

Але, нягледзячы на новыя візавыя санкцыі, прынятыя сёння ў Бруселі, у кулуарах і падчас нефармальных гутарак з калегамі-журналістамі дый з самымі міністрамі, часта гучыць, што візавыя санкцыі даўно не працуюць. І ніякай рэакцыі, акрамя раздражнення Масквы, не выклікаюць. Тым не менш, візавы цягнік працягвае грукаць коламі, а ўсе надзеі сёння тут скіраваныя на паслязаўтрашнюю сустрэчу лідараў Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі ў Менску.

Швецыя і Славаччына сёння далучыліся да спісу праціўнікаў паставак зброі ўкраінскаму боку канфлікту. Міністр замежных справаў нашае суседкі Літвы – Лінас Лінкявічус заявіў, што ўзбройваць Украіну ці не – унутраная пастанова ЗША.

Перамовы ў нашай сталіцы адбудуцца пасля шэрагу кансультацыяў удзельнікаў з экспертамі і маюць амбітную задачу – комплекснае развязанне канфлікту на Данбасе, а ў дзень паседжання – да безумоўнага двухбаковага спынення агню.

Алесь Сіліч, «Белсат», Брусель

Стужка навінаў