«Хартыі-97» і «Партызан» заблакаваныя некаторымі беларускімі правайдарамі


Паводле «Хартыі-97», старонку блакуюць «Дзелавая сець», IP Telecom, ADSL.BY і «Гарант» і мабільны аператар Life:). «Беларускі партызан» паведамляе пра блакаванне «некаторымі правайдарамі». Ніякіх афіцыйных папярэджанняў перад блакаваннем рэдакцыя сайта не атрымлівала.

Таксама інтэрнаўты паведамляюць, што не адчыняецца сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Карыстальнікі, якія спрабуюць перайсці на адзін з узгаданых уэб-рэсурсаў, бачаць паведамленне: «Доступ да рэсурсу заблакаваны на падставе Пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтра Рэспублікі Беларусь №6 / 8 ад 19 лютага 2015 года».

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Чытайце таксама >>>>>>>>> Лілія Ананіч: уладальнікі старонак будуць несці адказнасць за сваіх каментатараў

У ADSL «Белінфанет» «Белсату» паведамілі, што за блакіроўку адказвае БелДІЭ і Мінсувязь.

У сваю чаргу Міністэрства сувязі адмовілася браць адказнасць за блакаванне ўзгаданых уэб-старонак.

«Міністэрства сувязі з’яўляецца тэхнічным рэгулятарам, а не нейкім іншым, ідэалагічным, напрыклад. Мінсувязі не з’яўляецца тым органам, які прымае рашэнне аб блакаванні сайтаў. Мы адказваем за тэхнічную падтрымку. Праз папраўкі ў Законе аб інфармацыі сайты цяпер таксама залічваюцца ў СМІ, таму гэта пытанне да Міністэрства інфармацыі», – распавяла «Белсату» першы намеснік міністра сувязі Наталля Аляшкевіч.

Атрымаць каментар ад Міністэрства інфармацыі не атрымалася: ніхто не адказвае на тэлефанаванне.

Паводле Еўрарадыё, у Прававым упраўленні Мінінфармацыі паведамілі, што папярэджанняў згаданым інтэрнэт-рэсурсам не выносіліся і ў ведамстве пра гэта нічога не ведаюць.

Апошні раз незалежныя сайты блакаваліся летась у снежні. Цяжкасці з доступам да іх супалі ў часе з пачаткам валютна-фінансавага крызісу.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў