Хакеры ўзламалі базы WADA і сцвярджаюць, што атлеты ЗША прымалі допінг


Група хакераў абвясціла 13-га верасня пра ўзлом кампʼютарных сістэм сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA). Удзельнікі групы выклалі ў сеціва некалькі дакументаў, у тым ліку пасведчанні пра прыём забароненых прэпаратаў амерыканскімі спартоўцамі падчас Алімпіяды ў Рыа – з адпаведнымі дазволамі лекараў.

Дадзеныя кампʼютарных сістэм WADA апублікавала група «Fancy Bear». Копіі дакументаў былі выкладзеныя 13-га верасня на сайце Fancybear.net. У матэрыялах, у прыватнасці, гаварылася, што чатырохразовая медалістка Рыа, гімнастка Сімона Байлз (Simone Biles) падчас спаборніцтваў чатыры разы здавала станоўчы тэст на псіхастымулятар метылфенідат. Пры гэтым у распараджэнні хакераў аказаліся і дакументы, якія пацвярджаюць медычны дазвол Байлз на прыём прэпарату факаліну, які ўтрымлівае гэтае рэчыва.

«Fancy Bear» абвінаваціла самых вядомых амерыканскіх спартоўцаў ва ўжыванні допінгу з ведама WADA. Паводле хакераў, станоўчы тэст на амфетаміны падчас Гульняў у Рыа мела баскетбалістка Элена Дэле Донн (Elena Delle Donne). На прыём прэпарата ў яе таксама было дазвол. Акрамя таго, як вынікае з апублікаваных дакументаў, дазвол прымаць забароненыя прэпараты выдалі тэнісісткам Сэрыне (Serena Williams) і Вінус Ўільямз (Venus Williams). Пры гэтым звестак пра іхныя станоўчыя пробы хакеры не апублікавалі. Прэс-служба Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) заявіла, што «названыя спартоўцы не парушалі антыдопінгавых правілаў падчас Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра».

WADA пацвердзіла ўзлом сістэм у выніку хакерскай атакі. У агенцтве прызналі, што хакеры здолелі атрымаць доступ да дакументаў спартоўцаў, у прыватнасці да інфармацыі аб ужыванні імі пэўных прэпаратаў у медычных мэтах з дазволу лекараў. Паводле інфармацыі WADA, гаворка ідзе толькі пра дакументы, звязаныя з Алімпіядай у Рыа; падстаў меркаваць, што хакеры ўзламалі іншыя базы дадзеных, няма. Паводле інфармацыі агенцтва, напады праводзіліся з Расеі хакерскай групай, якая заве сябе «Tsar Team» або «Fancy Bear». Дзеянні хакераў у WADA назвалі злачынствам.

Хакеры «Fancy Bear» падазраюцца ва ўзломе сістэм Дэмакратычнай партыі ЗША. Гэтую групу таксама падазравалі ва ўдзеле ў прамысловым, палітычным і вайсковым шпіянажы. Групе «Fancy Bear» прыпісвалі атаку на нямецкі бундэстаг і французскі тэлеканал «TV5 Monde» ў 2015 годзе. Паводле меркавання кампаніі «CrowdStrike», якая расследавала ўзлом базы Дэмакратычнай партыі, «Fancy Bear» звязаная з Галоўным разведвальным упраўленнем узброеных сіл Расеі.

Расея не прызнае абвінавачанняў ва ўзломе WADA. Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў пра недатычнасць «афіцыйнай Масквы, ураду, якіх-небудзь расейскіх службаў» да ўзлому WADA і дадаў, што «падобныя галаслоўныя абвінавачанні не ўпрыгожваюць ніякай арганізацыі, калі яны не падмацаваныя чымсьці істотным». Раней Пяскоў падобным чынам зняпраўджваў дачыненне Расеі да ўзлому нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША.

Сёлета ад удзелу ў Алімпіядзе ў Рыа былі адхіленыя амаль усе расейскія лёгкаатлеты ды зборная Расея на Паралімпіядзе.

18 ліпеня WADA апублікавала даклад Рычарда Макларэна, у якім гаварылася аб маштабнай допінгавай праграме ў расейскай зборнай. У прыватнасці, у дакладзе паведамлялася, што падчас Гульняў у Сочы ў 2014 годзе допінг-пробы расейскіх спартоўцаў падмяняліся на «чыстыя». У гэтым былі замешаныя расейскія спецслужбы.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў