Хакеры ўнеслі імя кіраўніцы Літвы ў спіс агентаў КДБ


На літоўскім інтэрнэт-сайце, дзе падаецца інфармацыя аб дзейнасці савецкага КДБ, хакеры апублікавалі інфармацыю аб тым, што прэзідэнт Даля Грыбаўскайце працавала ў Камітэце дзяржбяспекі, паведаміў адміністратар рэсурсу.

Дадзеныя Далі Грыбаўскайце і псеўданім «Магнолія» дададзеныя ў спіс агентаў КДБ, падае interfax.by.

Дырэктарка Цэнтру даследаванняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы Тарэсе-Біруце Бураўскайце заявіла, што гэтая інфармацыя «не адпавядае рэальнасці і ўводзіць грамадскасць у зман».

«Нам паведаміў журналіст каля чацвертай гадзіны дня. Цяпер нашы праграмісты працуюць. Грыбаўскайце занесеная ў спіс агентаў, які мы публікуем», – сказала BNS Бураўскайце.

Хакеры таксама размясцілі на інтэрнэт-сайце kgbveikla.lt матэрыялы, якія нагадваюць архіўныя дакументы, звязаныя з Грыбаўскайце. Там прадстаўлены дыплом Ленінградскага ўніверсітэту ўзору тых гадоў, уклад дыплома, нібыта копія атэстата Грыбаўскайце аб сярэдняй адукацыі, іншыя дакументы.

Як адзначае агенцтва BNS, у апісанні на літоўскай мове гаворыцца, што «гэта фотакопіі асабістай справы Далі Грыбаўскайце ў гады яе навучання ў Ленінградзе». Ананім сцвярджае, што прадстаўляе невядомую арганізацыю «Кулак».

Пра інцыдэнт паведамілі праз некалькі гадзінаў пасля таго, як літоўскія ведамствы апублікавалі справаздачы аб пагрозах, якія ўяўляе Расея.

BNS не ўдалося атрымаць каментароў прадстаўнікоў прэзідэнцкай адміністрацыі.

МЯ, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары