Хакерская атака на ВАДА: лабараторыя дазваляла прымаць допінг сёстрам Ўільямз


Расейскія хакеры пакапаліся ў архівах Сусветнага антыдопінгавага агенцтва.

Каманда хакераў «Fancy Bear» займелі доступ да дакументаў ВАДА і апублікавала вынікі іх даследавання. Аказалася, што арганізацыя сістэматычна дазваляла прымаць забароненыя прэпараты тэнісісткам Сэрыне ды Вінус Ўільямз і гімнастцы Сімоўн Байлз.

«Цікава, што, напрыклад, сёстрам Ўільямз на мінулай Алімпіядзе асабліва не шчасціла – яны прагулялі ўжо ў першым раўндзе. А вось Байлз здабыла ажно чатыры залатыя медалі ў Рыа», – кажа спартовы аглядальнік «Белсату» Аляксандр Пуціла.

У жніўні 2016 года Сімоўн Байлз, напярэдадні выезду на Алімпіяду ў Рыа, зрабіла тэст на допінг, які паказаў – спартоўка прымае забароненыя лекі-псіхатропы. Але не была дыскваліфікаваная, а пасля залатых перамогаў не хавала радасці.

Цяпер жа, алімпійская чэмпіёнка апраўдваецца: лекі ніяк не паўплывалі на ейны залаты вынік, а ўсе прэпараты выпісвалі выключна ў межах неабходнасці лячэння даўніх хваробаў.

«У мяне сіндром дэфіцыту ўвагі ды гіперактыўнасць, і я прымала лекі з дзяцінства. Калі ласка, зразумейце, я веру ў чысты спорт. Я заўжды выконвала антыдопінгавыя правілы ды буду рабіць гэта надалей, бо сумленнасць неабходная ў спорце і вельмі важная для мяне», – заявіла Боўлз.

З 2010-га да 2015-га года экс-першая ракетка свету Сэрына Ўільямз, а ейная сястра Вінус да 2013-га – прымалі шэраг забароненых прэпаратаў для абязбольвання ды ўзмацнення імунітэту, пра што паведамлялі ў Сусветнае антыдопінгавае агенцтва, а тыя ў сваю чаргу дазволілі карыстацца лекамі.

«Я была расчараваная, калі даведалася, што мае асабістыя медычныя звесткі апублікавалі без майго дазволу. Я заўжды выконвала правілы ў межах антыдопінгавай праграмы ў тэнісе, у прыватнасці, што датычыць дазволу на выкарыстанне прэпаратаў у тэрапеўтычных мэтах», – кажа Ўільямз.

Эксперты адзначаюць, што выкарыстанне забароненых лекаў, паводле рэкамендацыі дактароў, – зʼява нармальная, толькі калі гэтым не злоўжываць.

Факт выкарыстання забароненых прэпаратаў з дазволу Сусветнага антыдопінгавага агенцтва прысутнічае і ў беларускім спартовым жыцці.

«Больш за 10 беларускіх спартоўцаў паехалі на Алімпіяду ў Пекін у 2008-м годзе. І яны таксама мелі дазвол Антыдопінгавага агенцтва на спажыванне забароненых лекаў у гэтак званых »тэрапеўтычных мэтах», – узгадвае Аляксандр Пуціла.

Адметна, што ўзлом сістэмы Антыдопінгавага агенцтва і выцек дакументаў адбыўся неўзабаве пасля дыскваліфікацыі вялізнай часткі расейскай зборнай на сёлетніх алімпійскіх гульнях. І гэта, на думку некаторых аналітыкаў, яшчэ раз ускосна пацвярджае датычнасць расейскіх спецслужбаў да хакерскай атакі на амерыканскі сервер. Тое, што ўзлом адбыўся з тэрыторыі Расеі, Антыдопінгавае агенцтва паінфармавалі праваахоўнікі.

«Была апублікаваная інфармацыя, якая ёсць абсалютна канфідэнцыйнай. Мы асуджаем гэтыя кібератакі, якія здзяйсняюцца з Расеі. Яны спрабуюць разбурыць усю сістэму барацьбы з допінгам. Падобныя злачынныя дзеянні пагражаюць працэсу, скіраванаму на аднаўленне даверу да Расеі», – заявіў Алівіе Ніглі, генеральны дырэктар Сусветнага антыдопінгавага агенцтва.

Прэсавы сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў запэўнівае: ні расейскі ўрад, ні расейскія спецслужбы не маюць ніякага дачынення да хакерскай атакі і выцёку канфідэнцыйных дакументаў.

Юрый Салодкі

Глядзі таксама
Каментары