Хакейны клуб «Магілёў» шукае галоўнага трэнера праз біржу працы. Заробак – $ 164


Аўтсайдэр чэмпіянату Беларусі па хакеі з шайбай «Магілёў» шукае галоўнага трэнера праз біржу працы і прапануе прэтэндэнтам на вакантную пасаду заробак $ 164.

Магілёўскі клуб заснавалі ў 2000 годзе і пад назвай «Хімвалакно» каманда тройчы выйгравала медалі чэмпіянату Беларусі. Але ў апошнія гады клуб ператварыўся ў фактычна аматарскую каманду з цяжкасцю знаходзячы грошы для ўдзел у чэмпіянаце краіны, а за каманду выступае пераважна моладзь. У мінулым сезоне «Магілёў» заняў апошняе адзінаццатае месца, пасля чаго быў звольнены галоўны трэнер каманды Юрый Чух.

Знайсці новага настаўніка на заробак Br 2 343 921 ($164) бачыцца справаю амаль безнадзейнай. Любы паважаючы сябе хакейны адмысловец палічыць несурёзнай прапанову працаваць за такія грошы.

Летась праз біржу працы гульцоў шукаў ХК «Берасце» – які заняў у чэмпіянаце перадапошняе месца. Як патлумачылі ў клубе, такую працэдуру неабходна прайсці, каб атрымаць магчымасць падпісаць кантракты з замежнымі хакеістамі. Адзначым, што на мінулым тыдні гульцам «Берасця» выплацілі заробак за лістапад.

Сітуацыя з хакеем у Беларусі дзіўная – лічыць журналіст Максім Хлябец – з аднаго боку ёсць менскае «Дынама» – каманда ў якую ўкладваюцца вялізныя грошы, набываюць замежных хакеістаў, будуюць лядовыя палацы, а з другога – ёсць астатнія каманды, якія проста падтрымліваюць гэтыя лядовыя палацы, каб не прастойвалі без людзей. І ў другім выпадку складваецца ўражанне, што работа ў такіх хакейных клубах павінна быць хобі. « $ 164 можа атрымліваць трэнер, які мае асноўную працу дзесьці на заводзе ды мае час пазаймацца яшчэ з хакеістамі.Таму мне падаецца, што такім чынам яны хацелі паказаць увесь маразм гэтай сістэмы, калі выкладвалі аб’яву на біржы. Ці проста ім настолькі ўсё абыякава, што клуб гатовы проста існаваць і рабіць выгляд, што хакей у Магілёве ёсць, каб дзяржава не хвалявалася, што дарма выкідвае грошы», – кажа Хлябец.

С.А. Belsat.eu

Стужка навінаў