«Хаг самэах!» або як у Беларусі святкуюць Хануку


Габрэі Горадні сабраліся разам, каб запаліць менору, паласавацца масленымі ханукальнымі пончыкамі і паслухаць добрую габрэйскую музыку ў самай вялікай і старой сінагозе Беларусі.

Сёлета Ханука супала не толькі з хрысціянскімі Калядамі. Акурат 25 гадоў таму ва ўласнасць габрэйскай супольнасці ў Горадні вярнулі моцна пашкоджаны і занядбаны будынак сінагогі, што стала дадатковай ногдаю для святкавання.


Жывая габрэйская музыка разносілася далёка. Каля двухсот асобаў сабраліся пад будынкам адноўленай сінагогі, каб падзівіцца на ўрачыстае запаленне менорыханукальнай сямісвечкавай свяцільні, што з’яўляецца адным з галоўных сімвалаў іўдаізму.


На фасадным гаўбцы рабін Іцхак Кофман прамовіў святочнае «Хаг Самэах!», што азначае «Шчаслівага свята!» і запаліў знічы залацістай меноры, якая ўзвышаецца над уваходам.

 

Паданні сведчаць, што больш за дзве тысячы гадоў таму грэкі захапілі Ерусалім і, больш за тое, забаранілі габрэям захоўваць іх традыцыі, – практыкаваць абразанне, ушаноўваць шабат і чытаць Тору. Гэта стала прычынай паўстання, якое бунтаўнікі выйгралі. Ім удалося вярнуць сваю апаганеную галоўную бажніцу, і паводле запаведдзі належала запаліць менору, аднак масла, каб запаліць свечку не было. Пасля працяглых пошукаў габрэям удалося знайсці адзін маленькі збаночак, якога хапіла б толькі на адзін дзень. Аднак здарыўся цуд і полымя гарэла восем дзён.

«Гэта свята святла і надзеі. Для нас гэта ўспамін не толькі таго цуду, які здарыўся ў даўнія часы. Для нас гэта памяць аб цудах, якія адбываюцца цяпер. Мы павінны быць удзячныя, што сёння ў нас ёсць свабода, што мы можам захоўваць нашыя традыцыі ў любой краіне. Гэта вялікі цуд для габрэйскага народа. Таксама гадавіна 25 гадоў, як вярнулі сінагогу, гэта таксама цуд, падобны да таго маленькага збаночка. Да вайны ў Беларусі было шмат сінагогаў і ўсе яны былі амаль знішчаныя, а гэтая цудоўным чынам стаіць, і яе нам вярнулі, і яна цудоўным чынам адраджаецца. Гэта цуд які адбываецца ў наш час», – кажа рабін Іцхак Кофман.

«29 тысяч, 56 адсоткаў выхапіла вайна адсюль і з таго часу сюды прыязджалі толькі з усходніх частак Савецкага саюзу і толькі зараз да нас прыходзіць асэнсаванне, што мы за народ, якім старажытным і цікавым народам мы з’яўляемся », – так распачаў сваю прамову старшыня гарадзенскай іўдзейскай абшчыны Барыс Квяткоўскі.

У нашай размове Барыс Максавіч распавёў, што габрэі, якія прыязджалі ў Горадню з усходу вельмі мала ведалі свае традыцыі. Жыццё ў атэістычнай дзяржаве зрабіла сваё. У пасляваенныя гады зрэдку некалькі сем’яў прасілі старэйшых жанчын, якія ўмелі, на Хануку прыгатаваць кашэрную ежу. Збіраліся грашыма, каб тыя зладзілі чолнт, сялёдку, фаршыраваную рыбу. Гуртаваліся некалькімі сем’ямі. Аднак агулам традыцыя была амаль цалкам вынішчаная, носьбітаў культуры і мовы амаль не засталося. Акрамя таго, дзяцей выхоўвалі так, каб яны як мага хутчэй упісаліся ў тую рэчаіснасць, якая была.

Будынак сінагогі вярнулі габрэям у 1991-м годзе. На сёння гэта самая вялікая сінагога, якая захавалася ў Беларусі.


«На пачатку 90-х мала хто ўмеў маліцца, не хапала лідара. Цяпер мы маем свайго рабіна, імкнёмся ўдыхнуць жыццё ў гэты будынак. 25 гадоў таму ён быў у жудасным стане. 50 гадоў не ацяпляўся. Часам, калі не было чым тапіць, мы выкарыстоўвалі дошкі з падлогі. Затое цяпер мы маем самую вялікую ўцепленую падлогу ў краіне, – дадае Барыс Максавіч. – Разам з бажніцаю мы аднаўляем свае традыцыі. І сёння на сталах у нас садавіна, напоі, а самае галоўнае – пончыкі, тое што патрабуе вялікай колькасці масла. У гонар таго цуду, які адбыўся больш за 2 тысячы гадоў таму».

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары