«Хадзіў пытаць дзеўчыну на рэцэпцыю». Настасся Мацяш – пра працу Змітра Саўкі


Моўніца Настасся Мацяш – пра тое, як працаваў кіраўнік нашае моўнае службы Зміцер Саўка, якога не стала роўна год таму.

Хацелася б прыгадаць яскравыя моманты, нетрывіяльныя сітуацыі ды выпадкі, якіх шмат назбіралася за гады знаёмства, супрацы і проста цёплых чалавечых дачыненняў са Змітром. Але выявілася, што і праз год пасля горкай весткі пра смерць Саўкі падзяліцца асабістымі ўспамінамі няпроста. То азначу лёгкім пункцірам, які, аднак, акрэслівае зусім не лёгкае, а грунтоўнае, глыбока асэнсаванае стаўленне да працы, у якой дробязяў, няважнага – не бывае.

Зміцер быў у Коўне на Кангрэсе беларусістаў, але ягоны скайп працягваў гарэць зялёным кружочкам. Чым мы з калегамі і карысталіся.

[19:22:01] Nastaśsia Maciaš: ДЭйвідас Падайґіс Deividas Padaigis літоўскі футбаліст

[19:22:40] Zmicier Sauka: узяў

[19:30:40] Zmicier Sauka: на Ай

[19:30:46] Nastaśsia Maciaš: дзякую

[19:31:55] Zmicier Sauka: хадзіў пытаць дзеўчыну на рэцэпцыю

Так. Для таго, каб прозвішча літоўскага футбаліста прагучала ў навінах з правільным націскам, Зміцер пайшоў шукаць носьбіта мовы. Журналісцкі матэрыял жыве ў тэлевізійным эфіры імгненне, але ўсё, што можна высветліць, трэба высветліць.

Аднойчы аніяк не магла вызначыць націску ў беларускім прозвішчы. Саўка ўзяў тэлефонны даведнік, знайшоў аднафамільца, пазваніў, патлумачыў прычыну звароту, разгаварыўся, усё высветліў.

У сучасным свеце – падыход блізу фантастычны.

У сучасным навінным свеце, які збольшага кіруецца прынцыпам «галоўнае – паспець», падыход блізу фантастычны. Для нас жа назаўсёды застанецца эталонным, узорным.

Настасся Мацяш

Іншыя ўспаміны:

Стужка навінаў