Хадаркоўскі: Пуціну Данбас не трэба, Пуцін хоча вызначаць лёс свету


Некалі – адзін з самых багатых людзей сучаснай Расеі. Пасля – адзін з яе самых вядомых палітычных вязняў. На актуальныя сёння пытанні на прэсавай канферэнцыі ў Лондане адказаў Міхаіл Хадаркоўскі.

Вораг пуцінскай Расеі – не краіны, але рэжыму. Міхаіл Хадаркоўскі, былы кіраўнік самай вялікай расейскай нафтавай кампаніі, у пэўнай ступені мае права ацэньваць дзеянні кіраўніка Крамля. У Лонданскім «Chatham House» ён выступіў у межах штогадовай расейскай лекцыі.

«Што б ні спрабавала нам паказаць крамлёўская прапаганда і крамлёўскія піяршчыкі, Пуцін – не супермен, і дакладна не ўвойдзе ў гісторыю як герой. На экране тэлевізара ён можа змагацца з мядзведзямі, лётаць з пералётнымі птушкамі і паляваць з тыграмі. Але гэта суцэльная фантазія. Пуцін з аголеным торсам – гэта не моцны лідар, а голы кароль. Відавочна, што для Пуціна наступіла глыбокая восень. Аднак гэтая восень можа быць доўгай. Расеі трэба будзе доўга стаяць пры ложку хворага імператара, з жахам назіраючы агонію рэжыму», – падкрэсліў Хадаркоўскі.

Гэты працэс згасання будзе надзвычай балючы для грамадзянаў Расеі і небяспечны для міжнароднай супольнасці, заўважыў былы расейскі палітвязень.

На ягонае меркаванне, Пуціну не патрэбны Данбас – кіраўнік Расеі хоча вызначаць лёс свету ў перамовах з прэзідэнтам ЗША. «Растлумачыць яму (Пуціну – Belsat.eu), што сёння лёс свету гэтак вызначаць ужо немагчыма, пакуль нікому не ўдаецца. Данбас і Украіна ў цэлым – толькі інструмент у дасягненні гэтай мэты. Таму я мяркую, што частковыя ўступкі яго не задаволяць», – выказаўся Хадаркоўскі.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў